Германія перажывае гістарычны бум атрымання грамадзянства
- 23.05.2026, 18:02
Асабліва гэта прыкметна ў Берліне.
Германія перажывае гістарычны бум атрымання грамадзянства: яшчэ ніколі з моманту ўвядзення агульнадзяржаўнай статыстыкі ў 2000 годзе столькі людзей не атрымлівалі нямецкі пашпарт, як у 2025 годзе.
Як паведамляе Bild са спасылкай на газету WELT, толькі ў 14 федэральных землях як мінімум 309 852 чалавек атрымалі грамадзянства Германіі. Гэта ўжо новы рэкорд. У 2024 годзе папярэдні максімум складаў 291 955. Пры гэтым разам з грамадзянамі Сірыі і Турцыі ўсё больш расіян таксама падаюць заявы на атрыманне нямецкага грамадзянства.
Гэты бум мае некалькі прычын. Многія мігранты, якія прыбылі ў 2015 і 2016 гадах, цяпер ужо выканалі патрабаванні адносна неабходнага тэрміну пра жывання. Акрамя таго, сваю ролю адыграла рэформа закона аб грамадзянстве, праведзеная папярэднім урадам: з таго часу атрымаць грамадзянства часта можна ўжо пасля пяці гадоў пражывання замест васьмі, а падвойнае грамадзянства стала больш даступным. Тым не менш, жадаючыя стаць грамадзянамі Германіі павінны выконваць пэўныя ўмовы, уключаючы, як правіла, здольнасць самастойна забяспечваць сябе фінансава.
Асабліва прыкметны гэты трэнд у Берліне: грамадзянства атрымалі 39 034 чалавек — амаль у два разы больш, чым годам раней. У Брандэнбургу нямецкі пашпарт атрымалі 4695 чалавек, што на 25% больш. У многіх рэгіёнах галоўнай краінай паходжання застаецца Сірыя.
Адначасова істотна расце колькасць грамадзян Турцыі і Расіі. Толькі ў Паўночным Рэйне — Вестфаліі грамадзянства атрымалі 3841 расіянін — рост склаў 67,4%.
Палітолаг Дзмітрый Страціеўскі, дырэктар Берлінскага Цэнтра вывучэння Усходняй Еўропы, бачыць розныя прычыны таго, што адбываецца: некаторыя хочуць палітычна дыстанцыявацца ад Расіі. Іншыя ўжо даўно жывуць у Германіі і скарысталіся магчымасцю падвойнага грамадзянства — напрыклад, для больш простых паездак да сваякоў.
Шмат якія гарады ўжо цяпер рыхтуюцца да новага росту колькасці заяў: пачынаючы з 2027 года ўкраінцы могуць пачаць масава падаваць заявы на нямецкае грамадзянства. Да таго часу многія бежанцы, што прыбылі ў 2022 годзе, дасягнуць неабходнага пяцігадовага тэрміну пражывання.