У Бухарэсце ўвялі беспрэцэдэнтныя меры бяспекі з-за канцэрта беларускага рэпера Коржа
- 23.05.2026, 20:23
У сталіцу Румыніі прыбылі дзясяткі тысяч фанатаў.
У сталіцы Румыніі Бухарэсце праваахоўныя органы прынялі беспрэцэдэнтныя меры бяспекі ў сувязі з прыбыццём у горад дзясяткаў тысяч фанатаў на канцэрт беларускага рэпера Макса Коржа, паведамляе Digi 24.
У румынскай паліцыі заявілі, што гэта маштабная падзея, якая мае пэўную спецыфіку, паколькі на яе прыбылі больш за 40 тысяч удзельнікаў з розных краін.
«Мы гаворым пра намаганні не толькі Міністэрства ўнутраных спраў, але і многіх іншых структур, у прыватнасці разведвальных, пракуратуры і Міністэрства замежных спраў. 90% удзельнікаў — гэта замежнікі. А гэта прадугледжвае скаардынаваныя намаганні з боку структур Міністэрства ўнутраных спраў. Мы выкарыстоўваем усе віды рэсурсаў, як чалавечыя, так і тэхнічныя», — заявіў Марыус Мілітару, дырэктар па камунікацыях румынскай жандармерыі.
Тысячы маладых людзей з дзясяткаў краін спецыяльна прыехалі ў Бухарэст дзеля беларускага артыста, амаль невядомага ў Румыніі, які выступіць на Нацыянальнай арэне.
Яшчэ некалькі дзён таму ў сталіцу пачалі прыбываць маладыя людзі, галоўным чынам з Украіны, Польшчы, Літвы і Малдовы.
Румынскія сілавікі знаходзяцца ў стане падвышанай гатоўнасці ў сувязі з беспарадкамі ў Варшаве падчас канцэрта беларускага артыста. Тады было затрымана больш за 100 чалавек.
Паведамляецца, што румынскія праваахоўнікі супрацоўнічалі з польскімі, якія надалі ім карысную інфармацыю для падрыхтоўкі да мерапрыемства.
На час суботняга канцэрта ў Бухарэсце на некалькіх магістралях сталіцы ўведзеныя абмежаванні руху. Яшчэ з пятніцы праваахоўнікі праводзілі прэвентыўныя мерапрыемствы ў найважнейшых кропках горада, дзе ім удалося данесці рэкамендацыі да прыхільнікаў артыста і падкрэсліць важнасць выканання мер грамадскага парадку.
У прыватнасці, былі створаныя спецыяльныя QR-коды, якія перанакіроўваюць на сайт румынскай жандармерыі, дзе размешчаныя рэкамендацыі на некалькіх замежных мовах, бо не ўсе ўдзельнікі гавораць па-англійску.
Праваахоўнікам дапамагаюць службовыя жывёлы — коні, а таксама сабакі, якія спецыялізуюцца на выяўленні выбуховых і забароненых рэчываў.
У складзе сіл грамадскага парадку ёсць прадстаўнікі паліцыі дыялогу, якія валодаюць некалькімі замежнымі мовамі.
Па стане на вечар суботы ніякіх сур'ёзных інцыдэнтаў не зафіксавана.
Асобныя трамвайныя лініі будуць курсіраваць у Бухарэсце да поўначы, каб дапамагчы фанатам выканаўцы пакінуць Нацыянальную арэну.