«Я б на гэтым святлафоры не хацела стаяць першай»
- 24.05.2026, 11:31
Беларусаў збянтэжыў дзіўны святлафор у Мінску.
«Ёсць да вас пытанне», — звярнулася да мінчукоў карыстальніца Threads, якую завуць Юлія. Яе збянтэжыў незвычайны святлафор на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Талбухіна, з якім раней сутыкацца не даводзілася. Пры асноўным сігнале, які забараняе рух, побач (у секцыі) гарэла зялёная стрэлка «прама», што, відаць, некаторыя ўспрымаюць як супярэчлівую інфармацыю. У каментарыях наконт «двухсэнсоўнага» святлафора разгарэлася дыскусія, піша «Зеркало».
За суткі пост пра святлафор сабраў каля 200 тысяч праглядаў і амаль 350 каментарыяў. Шмат хто ў цэлым згаджаўся, што калі жыць у невялікім горадзе і ніколі не сутыкацца з такімі сігналамі, то раздзел ПДР пра гэта можна і падзабыць.
«Я здавала на правы ў Дубаі і ваджу толькі тут. Я б на гэтым святлафоры не хацела стаяць першай», — таксама прызналася карыстальніца з нікам katkatuksa.
«Я здаў усе іспыты і залікі з першага раза. Вось ужо паўгода [ёсць] правы, але, жывучы не ў Мінску, такіх святлафораў не бачыў! І паверце: без практыкі гэтыя нюансы хутка забываюцца», — падтрымаў разгубленасць нехта пад нікам lado_chech.
«Непрыемны святлафор, асабліва калі ты не мясцовы», — пагадзіўся чалавек з нікам 2sk93dj8.
Вадзіцелі ў Барысаве спрабавалі зразумець, пра што іх папярэджваў дзіўны дарожны знак. Высветлілася, што яго памылкова ўсталявалі дагары нагамі.
Згодна з ПДР — у прыватнасці, з пунктам 104, — пры руху ў напрамку стрэлкі, уключанай у дадатковай секцыі адначасова з жоўтым або чырвоным сігналам святлафора, кіроўца павінен саступіць дарогу транспартным сродкам, што рухаюцца з іншых напрамкаў.
«Дык вось, з якіх такіх «іншых» напрамкаў рухаецца транспарт, ведаць дакладна можа толькі той, хто хоць раз тут праязджаў [дзе вуліца Талбухіна перасякаецца з праспектам Незалежнасці]. А насамрэч, калі вы ўпершыню на такім скрыжаванні, трэба амаль спыніцца і глядзець направа, налева», — працягвае сваю думку карыстальнік Threads з нікам 2sk93dj8.
Адпаведна, у выпадку святлафора на праспекце Незалежнасці ехаць прама можна — аднак спачатку варта прапусціць аўтамабілі, што паварочваюць з вуліцы Талбухіна на праспект. Магчыма, гэтая секцыя здаецца некаторым незвычайнай, бо значна часцей падобныя стрэлкі ў спалучэнні з асноўным чырвоным сігналам дазваляюць рух толькі налева або направа.