«Пуцін ужо нават слова «ура» вымавіць нармальна не можа»
- 24.05.2026, 11:48
Зяленскі назваў «неадэкватамі» ўлады РФ пасля ўдару «Арэхнікам» па Кіеўшчыне.
Украінскі лідар Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на начны масіраваны ўдар РФ. Ключавымі мэтамі агрэсара сталі Кіеў і вобласць, дзе было зафіксавана прымяненне балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэхнік».
Заяву з гэтай нагоды Зяленскі апублікаваў у сваім афіцыйным акаўнце ў Facebook.
Паводле даных прэзідэнта Украіны, у выніку атакі РФ пацярпелі больш за 80 чалавек. Таксама ёсць загінулыя. Расіяне гэтым разам прымянілі супраць Украіны каля 90 ракет розных тыпаў, уключаючы «Арэхнік». 36 ракет былі балістычнымі. Перахапіць удалося не ўсе. Таксама ў паветранай прасторы Украіны фіксавалася каля 600 ударных дронаў-камікадзэ.
«Пуцін ужо нават слова «ура» вымавіць нармальна не можа, шамкае, а ўсё яшчэ сваімі ракетамі «перамагае» жылыя дамы», — адзначыў прэзідэнт Украіны.
Паводле ягоных даных, сярод мэтаў расіян уначы апынуліся шматпавярховікі, школы, рынак, аб’ект водазабеспячэння. «Арэхнік» быў ужыты па горадзе Белая Царква. «Рэальна неадэкваты», — напісаў Зяленскі.
Ён падкрэсліў, што агрэсар павінен несці наступствы. Прэзідэнт Украіны заклікаў ЗША, Еўропу, увесь цывілізаваны свет узмацніць ціск на Маскву.