Крысціна Ціманоўская запускае бегавы праект і рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы
- 24.05.2026, 13:57
Беларуская лёгкаатлетка дала парады тым, хто хоча пачаць бегаць.
Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская, якая выступае за зборную Польшчы, завершыла паўгадавы трэніровачны сезон у ЗША і вярнулася ў Польшчу. У эфіры «Раніцы з Белсатам» яна распавяла, да чаго рыхтавалася ў ЗША, анансавала свой трэнерскі праект, а таксама дала парады тым, хто хоча пачаць бегаць.
«Хачу з першага старту выканаць нарматыў на чэмпіянат Еўропы»
Крысціна Ціманоўская распавяла, што трэніравацца ў ЗША ёй спадабалася — у Фларыдзе, куды яна ездзіла, цёпла, за невялікія грошы можна набыць абанемент у спартзал з мноствам магчымасцяў для аднаўлення пасля трэніровак. Таксама ў Маямі было пяць розных стадыёнаў, якія даступныя для ўсіх. Пры гэтым самі трэніроўкі былі для яе цяжкімі:
«Мы з маім трэнерам прынялі рашэнне прапусціць зімовы сезон і паспрабаваць цалкам змяніць мой трэніровачны план. Усе гэтыя пяць месяцаў я вельмі шмат працавала над вытрываласцю і выконвала вельмі вялікія трэніровачныя аб’ёмы. Я зноў вярнулася да такіх дыстанцый, як 300 метраў, 250 метраў, бо апошні раз я такія адрэзкі бегала каля двух гадоў таму, і два гады таму гэта прынесла мне вельмі добрыя вынікі — я пабіла ўсе свае асабістыя рэкорды».
Яна адзначыла, што пасля вяртання ў Польшчу правяла кантрольную трэніроўку і паказала вынік, якога ёй апошні раз удавалася дасягнуць у 2019 годзе.
У найбліжэйшы час Ціманоўская выступіць на спаборніцтвах 7 чэрвеня ў Варшаве.
«Я хачу з першага старту выканаць нарматыў на чэмпіянат Еўропы. Мне вельмі патрэбная будзе падтрымка [балельнікаў. — Рэд.], бо я хвалююся, натуральна, паколькі нарматыў — гэта вельмі блізка да майго асабістага рэкорду. Спадзяюся, што атрымаецца, але калі не атрымаецца, натуральна, буду спрабаваць зрабіць гэта на наступным старце; аднак хацелася б ужо на першым старце выканаць нарматыў, каб далей дашліфаваць пэўныя моманты і рыхтавацца да чэмпіянату Еўропы», — сказала спартсменка.
Паралельна Крысціна Ціманоўская працягвае сваю трэнерскую кар’еру.
«Трэнерам таксама працую ўжо вельмі даўно. У найбліжэйшы час запускаю бегавы онлайн-праект, — падзялілася бегуння. — Гэта таксама была адна з прычынаў, чаму я паляцела менавіта ў Маямі. Мне быў патрэбны прыгожы стадыён, патрэбныя былі добрыя кадры для праекта».
Праект можа быць запушчаны ўжо на наступным тыдні. Карыстальнікі змогуць атрымаць доступ да трэніровак праз тэлеграм-бот.
Тым часам беларусы могуць пачаць бегаць паводле парадаў Крысціны, якімі яна падзялілася ў эфіры «Раніцы з Белсатам».
Перш за ўсё, пачынаючы бегаць, нагрузку трэба павышаць паступова і акуратна.
«Я ведаю такіх людзей, якія пачынаюць адразу на максімум — іх хапае на вельмі кароткі тэрмін», — кажа спартсменка.
Яна раіць пачаць бегаць па 5–15 хвілін у дзень і зрабіць трэніроўкі стабільнымі.
«Абавязкова надаваць увагу добрай размінцы, і вельмі важнае аднаўленне. Калі чалавек будзе толькі трэніравацца і не будзе аднаўляцца, то праз нейкую колькасць месяцаў ён проста ператрэніруецца, у яго цалкам знікне матывацыя і жаданне наогул што-небудзь далей рабіць», — падкрэслівае Крысціна Ціманоўская.
Акрамя таго, проста бегаць недастаткова — важна надаваць час сілавым трэніроўкам.
«Той, хто хоча добра бегаць, хто хоча бегаць паўмарафоны і марафоны, абавязкова павінен выконваць сілавыя трэніроўкі, бо яны дапамагаюць умацоўваць калені, спіну, ступні, і гэтую частку трэніроўкі пажадана ўвогуле не прапускаць», — працягнула бегуння.
Яна прызналася, што ніколі не бегла марафон, але хацела б паспрабаваць пасля завяршэння спартыўнай кар’еры. Пры гэтым сярод тых, каго яна трэніравала, ёсць людзі, якія беглі больш, чым марафон. Спартсменка лічыць, што гэта даступна і тым, каму больш за 40 гадоў і ў каго ёсць пэўныя праблемы са здароўем.
«Важна, натуральна, рабіць усё з розумам: пачынаць плаўна, пажадана мець добры трэніровачны план. Думаю, што найлепш мець план ад добрага трэнера, які вельмі даўно ў гэтай сферы. Безумоўна, трэба параіцца з лекарам, перыядычна праходзіць абследаванні. У мяне, між іншым, ёсць кліенты, якія прыходзілі да мяне нават у 45+ [гадоў. — Рэд.], і мы пачыналі проста з сілавых трэніровак, са схуднення, даходзілі не тое што да марафонаў, а да забегаў на 100 кіламетраў і больш», — распавяла Ціманоўская.
Напрыканцы яна сказала, што для любога бегуна важная моцная ступня. Яна падзялілася практыкаваннем, якое яе асабісты трэнер рэгулярна раіць выконваць, — гэта ўздым на носак на адной назе. Як выканаць гэта практыкаванне, можна паглядзець тут:
«Такім чынам мы ўмацоўваем звязкі галёнкаступнёвага сустава, таксама працуе ікраножная мышца і змяншаем рызыку траўмаў», — падсумавала Крысціна Ціманоўская.