У Барысаве пасажыры жорстка збілі жанчыну-таксістку
- 24.05.2026, 14:43
Інцыдэнт адбыўся пасля звычайнай начной замовы.
У ноч з 9 на 10 мая ў Барысаве жорстка збілі жанчыну-таксістку. Інфармацыю пра гэта журналісты знайшлі ў супольнасці «Таксобро» — аб’яднанні людзей, якія працуюць у сферы таксі.
Інцыдэнт адбыўся пасля звычайнай начной замовы. Таксістка ўзяла паездку з маладой парай і маленькім дзіцём. Падчас паездкі пасажыры заснулі, а на канчатковым пункце вадзіцелька не змагла іх разбудзіць.
Калі таксістка чарговы раз паспрабавала прывесці пасажыраў да прытомнасці, мужчына раптам накінуўся на яе з кулакамі. Паводле слоў прадстаўнікоў «Таксобро», пазней да збіцця далучылася і яго спадарожніца — таксістку білі ўдваіх рукамі і нагамі проста ў машыне.
Як бачна на відэа з рэгістратара, знятым падчас канфлікту, жанчыну білі не толькі рукамі, але і нагамі — у тым ліку па твары. Маленькае дзіця, якое ў гэты час знаходзілася ў машыне, плакала. Відэа пацвярджае, што кіроўца спрабавала разбудзіць заснулых пасажыраў і папрасіць аплаціць паездку, пасля гэтага мужчына, а затым і яго жонка пачалі збіваць яе.
У выніку вадзіцелька атрымала сур’ёзныя траўмы і апынулася ў бальніцы. Вядома, што ёй ужо зрабілі аперацыю. «Мяне прааперыравалі, паднялі вось гэту косць. Так, у бальніцы ляжу», — распавяла пацярпелая.
Заява ў міліцыю ўжо напісана, пабоі зафіксаваныя, а праверкай займаюцца праваахоўнікі.