Будынак МЗС Украіны пашкоджаны ў выніку атакі РФ на Кіеў
- 24.05.2026, 15:27
Упершыню з часоў Другой сусветнай вайны будынак пацярпеў ад баявых дзеянняў
Будынак Міністэрства замежных спраў Украіны атрымаў нязначныя пашкоджанні падчас сённяшняй масіраванай атакі Расіі на Кіеў.
Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Сібіга адзначыў, што гэта ўнікальная архітэктурная спадчына, узведзеная Іосіфам Лангбардам у 1939 годзе, пацярпела ад баявых дзеянняў упершыню з часоў Другой сусветнай вайны.
«Гледзячы на разбітыя вокны сёння раніцай, я магу з поўнай упэўненасцю заявіць ад імя ўсёй нашай дыпламатычнай каманды: расійскія тэрарысты не прымусяць нас спыніцца», — падкрэсліў міністр.
Паводле яго слоў, украінская дыпламатыя будзе і далей эфектыўна выконваць свае задачы, супрацьстаяць расійскай агрэсіі і прыбліжаць мір.
«Важна таксама адзначыць, што расійскія ўдары былі накіраваныя па гістарычнай мясцовасці, у самы цэнтр старажытнай Русі. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што мы маем справу з ардамі варвараў, а не з нашчадкамі цывілізацыі», — падкрэсліў Сібіга.