У Гродне ўратавалі качанят, якія вылупіліся на чацвёртым паверсе дома
- 24.05.2026, 20:03
Маму-крякву з качанятамі перадалі ў заапарк на рэабілітацыю.
У Гродне на чацвёртым паверсе адной з шматпавярховак кряква вывела качанят, а потым зляцела на зямлю і пачала клікаць малых за сабой. Але не для ўсіх качанят гісторыя скончылася добра, расказалі ў заапарку Гродна.
«Некалькі качанят пайшлі за мамай. На жаль — няўдала, іх уратаваць не ўдалося. Астатнім качанятам жыхары дома не далі скокнуць уніз», — расказалі ў заапарку.
Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прывезла птушак у заапарк на лячэнне і рэабілітацыю. Цяпер уся ўратаваная сям'я адчувае сябе добра. Калі качаняты падрастуць і акрэпнуць, яны разам з мамай будуць выпушчаныя ў прыроду.