Эрдаган спалохаўся студэнцкіх пратэстаў
- 25.05.2026, 9:22
Дзясяткі студэнтаў занялі будынак універсітэта.
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган адмяніў указ аб закрыцці прыватнага стамбульскага ўніверсітэта Білгі пасля некалькіх дзён студэнцкіх пратэстаў. Распараджэнне аб спыненні працы ВНУ было падпісанае 21 мая, а указ аб адмене гэтага распараджэння — у нядзелю, 24 мая. Дакумент апублікаваны ў афіцыйным урадавым весніку Resmi Gazette, піша «Нямецкая хваля».
Афіцыйна спыненне працы ВНУ, якую лічаць ліберальнай, абгрунтоўвалі артыкулам 11 закона аб вышэйшай адукацыі краіны, які рэгулюе дзейнасць міжуніверсітэцкага савета. СМІ ж указваюць, што гэты закон таксама прадугледжвае закрыццё прыватнай ВНУ, калі «узровень адукацыі і падрыхтоўкі <....> недастатковы». Студэнтаў планавалі перавесці ў дзяржаўны Універсітэт вытанчаных мастацтваў імя Мімара Сінана. Акрамя таго, у прэзідэнцкім указе адзначалася, што заснавальніцкі фонд Білгі быў перададзены пад знешняе кіраванне.
Дамагчыся адмены пастановы аб спыненні працы ВНУ за месяц да выпускных экзаменаў удалося пасля трох дзён масавых пратэстаў студэнтаў і некаторых выкладчыкаў. У прыватнасці, 24 мая ў мітынгах на тэрыторыі кампуса ўніверсітэта ўдзельнічалі каля тысячы чалавек. Дзясяткі студэнтаў занялі будынак універсітэта, іх вывела паліцыя.
Рашэнне аб закрыцці ўніверсітэта Білгі прымалі ў межах расследавання, якое праводзіцца з верасня 2025 года, аб махлярстве і ўхіленні ад выплаты падаткаў адносна буйнога стамбульскага холдынгу Can Holding, адзначае турэцкая служба брытанскай карпарацыі BBC. Група, якая аб’ядноўвае больш за 120 кампаній, сярод якіх і буйныя тэлеканалы, спансіравала ўніверсітэт з 2019 года. Цяпер кампаніі, што ўваходзяць у Can Holding, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.
Адзначаецца, што на дадзены момант у заснаваным у 1996 годзе Білгі вучацца больш за 20 тысяч студэнтаў. У ВНУ адкрыта восем факультэтаў, якія прапануюць больш за 150 адукацыйных праграм. Білгі таксама ўдзельнічае ў Erasmus — праграме студэнцкага абмену Еўрасаюза.