Рубіо: ЗША гатовыя зрабіць усё магчымае, каб скончыць вайну ва Украіне
- 26.05.2026, 9:01
Дзяржсакратар ЗША пракаментаваў сваю тэлефонную размову з Лаўровым.
Дзяржсакратар ЗША Марко Рубіо заявіў, што Вашынгтон гатовы і надалей садзейнічаць завяршэнню вайны ва Украіне.
Аб гэтым паведаміў журналіст «Радыё Свабодная Еўропа» Алекс Раўфаглу у сацсетцы Х.
Паводле слоў Рубіо, ЗША гатовыя і падрыхтаваныя зрабіць усё магчымае дзеля дасягнення выніку. Ён падкрэсліў, што такія атакі, як тая па Кіеве, — чарговае напамінанне, чаму вайна павінна скончыцца.
«Кожны раз, калі вы бачыце гэтыя маштабныя ўдары з таго ці іншага боку, гэта напамін пра тое, чаму гэта жахлівая вайна, якая цягнецца даўжэй, чым Другая сусветная вайна, і чаму ёй трэба пакласці канец. І ЗША гатовыя і падрыхтаваныя зрабіць усё магчымае, каб паспрыяць заканчэнню гэтай вайны, і, спадзяюся, у пэўны момант з'явіцца магчымасць зноў адыграць гэтую ролю», — сказаў ён журналістам падчас візыту ў Індыю.
Таксама ён пракаментаваў сваю тэлефонную размову з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым. Дзяржсакратар паведаміў, што расійскі чыноўнік перадаў яму пасланне ад кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна, прызначанае для прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Паводле слоў Рубіо, ён ужо перадаў гэтае пасланне лідару ЗША.
Акрамя таго, ён аспрэчыў здагадкі пра тое, што ўчорашняй заявай РФ нібыта заклікала менавіта ЗША вывесці сваіх супрацоўнікаў пасольства з Кіева. Рубіо кажа, што Масква ўвогуле папярэдзіла дыпламатычныя прадстаўніцтвы, што сталіца Украіны застаецца небяспечнай.
«Небяспека ва ўсіх гэтых войнах у тым, што па меры іх працягнення заўсёды існуе пагроза эскалацыі», — дадаў ён.