Жыхароў Магілёва папярэдзілі аб выбухах
- 26.05.2026, 9:37
Што адбываецца?
У Магілёве 26 і 27 мая пройдуць комплексныя камандна-штабныя вучэнні па праверцы гатоўнасці падраздзяленняў МУС да дзеянняў у асаблівых умовах, перадае «Белсат».
У сувязі з вучэннямі з 10:00 да 16:00 у названыя дні будзе закрыты рух транспарту на наступных вуліцах:
Гагарына (ад праспекта Пушкінскага да бульвара Непакорных – у раёне заезду на паркоўку ГЦ «Е-Сіці»);
Дзям’яна Беднага (ад вуліцы Гагарына да Севастопальскай);
па завулку Крайнім.
Адзін з этапаў вучэнняў адбудзецца на тэрыторыі Лядовага палаца па вул. Леніна. Гагарына, 1.
«Побач з аб’ектам могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў. Хвалявацца не трэба», – папярэджвае МУС.
Месяц таму, 23–24 красавіка, камандна-штабныя вучэнні МУС прайшлі ў Віцебску. Тэмай вучэнняў была арганізацыя дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войск МУС «па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку або масавых беспарадкаў, а таксама экстрэмісцкіх дзеянняў». На фотаздымках з вучэнняў можна ўбачыць, што масоўка, якая выступала ў ролі пратэстоўцаў, мела пры сабе белыя і сінія сцягі.
Ход вучэнняў асабіста кантраляваў міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў. Па выніках першага дня вучэнняў ён выступіў з крытыкай і заявіў, што ў бліжэйшы час пад кіраўніцтвам яго першага намесніка Юрыя Назарэнкі адбудзецца навучальны семінар з начальнікамі міліцыі грамадскай бяспекі рэгіёна, пасля чаго пройдуць чарговыя вучэнні.
Раней падобныя вучэнні прайшлі таксама ў Мінску і Брэсце.