Францыя выдала Літве ўцекача-расійскага банкіра Антонава
- 26.05.2026, 11:53
З-за яго страціў зберажэнні не толькі кампазітар Раймондс Паулс.
Францыя перадала Літве расійскага банкіра і былога ўладальніка банка Snoras Уладзіміра Антонава. Яго асудзілі ў Вільнюсе за растрату сродкаў, махлярскае банкруцтва і шэраг іншых злачынстваў, паведамляе пракуратура Літвы. Яго затрымалі ў Францыі ў снежні 2025 года паводле еўрапейскага ордэра на арышт, а ў красавіку суд дазволіў яго экстрадыцыю.
У лістападзе 2024 года Віленскі акруговы суд завочна прысудзіў Антонава да 10,5 года пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым у растраце сродкаў, давядзенні банка да банкруцтва, падробцы дакументаў і махлярстве. Злачынствы былі ўчыненыя ў 2008–2011 гадах, калі Антонаў кантраляваў Snoras. Банк быў чацвёртым па велічыні ў Літве, і яго крах стаў адным з самых гучных банкаўскіх скандалаў у краінах Балтыі. У 2011 годзе Snoras прызналі банкрутам і ліквідавалі пасля выяўлення недастачы ў 1 млрд еўра. Паводле матэрыялаў справы, сума шкоды паводле еўрапейскага ордэра на арышт складала не менш за 478 млн еўра, а памер патрабаванняў да Антонава і яго партнёра паводле рашэння суда — 375 млн еўра кампенсацыі. У лістападзе 2024 года Віленскі акруговы суд прысудзіў Антонава і яго партнёра Раймундаса Баранаускаса да 10,5 года турмы.
Пасля ўзбуджэння крымінальнай справы Антонаў з'ехаў у Вялікабрытанію, але падчас працяглых судовых разборак наконт экстрадыцыі ён уцёк у Расію. Там ён таксама атрымаў тэрмін у 2,5 года па справе аб крадзяжы 150 млн рублёў з банка «Савецкі». Спачатку банкір актыўна супрацоўнічаў са следствам у Расіі, але ў 2023 годзе раптоўна знік са сваёй сядзібы на Рублёўцы. Бацька Антонава нават звяртаўся ў паліцыю з заявай аб магчымым забойстве і прасіў літоўскі суд прызнаць сына памерлым. Праз два гады французскія ўлады затрымалі Антонава, які там пражываў па падробленых дакументах і спрабаваў атрымаць статус бежанца, выдаючы сябе за грамадзяніна Украіны.
Акрамя Літвы і Расіі, прэтэнзіі да Антонава мае і Латвія. У 2021 годзе латвійскі суд прысудзіў яго да 6 гадоў пазбаўлення волі і канфіскацыі маёмасці па справе даччынага банка Snoras — Latvijas Krājbanka. Паводле версіі абвінавачання, растрата там склала каля 140 млн еўра. Сярод пацярпелых былі не толькі прыватныя ўкладчыкі, але і муніцыпалітэты, школы, бальніцы, а таксама кампазітар Раймондс Паулс, які страціў амаль мільён еўра зберажэнняў.