Украіна пачала вялікае паляванне на лагістыку расіян
- 26.05.2026, 20:29
Паражана 125 грузавікоў РФ.
Расійская лагістыка ў глыбокім тыле акупаваных тэрыторый гарыць. Украіна, павялічыўшы далёкасць палёту сваіх FPV-дронаў, у маі пачала беспрэцэдэнтную кампанію.
Пра гэта паведаміў OSINT-эксперт Клемент Молін (Clément Molin), вывучыўшы кадры ўдараў.
Эксперт паведаміў пра паражэнне ў маі не менш як 125 расійскіх грузавікоў, больш за 80 з якіх былі цалкам знішчаныя. Украіна сканцэнтравалася на выбіванні ваенных аўтамабіляў і палівазапраўшчыкаў, спрабуючы пазбавіць акупантаў забеспячэння.
Асноўная маса ўдараў прыходзіцца на трасу Марыупаль - Таганрог, аколіцы акупаваных Бярдзянска і Мелітопаля. Таксама вялікая колькасць атак фіксуецца на ключавых тыловых трасах Данецкай і Луганскай абласцей.
- Ударная кампанія пачалася толькі на пачатку гэтага месяца і паступова набірае абароты. Улічваючы велізарную колькасць відэа, відавочна, што яна мае беспрэцэдэнтны характар, - піша Молін.
Ён адзначыў, што пакуль гэтая аперацыя не адбілася на фронце. Аднак, верагодна, ужо ў найбліжэйшы час з'явіцца эфект.