BE RU EN

Захады супраць РФ: Лондан увёў санкцыі супраць крыптасетак

  • 26.05.2026, 21:45

У санкцыйным пакеце Лондана — 18 пазіцый.

Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць крыптавалютных абменнікаў і сеткі незаконных фінансавых аперацый A7, якія Расія выкарыстоўвала для абыходу абмежавальных мер Лондана. Пра гэта ў аўторак, 26 мая, паведамілі у прэс-службе ўрада Вялікабрытаніі.

«Паколькі дзеючыя санкцыі працягваюць ціснуць на эканоміку, кіраўніцтва Расіі ўсё актыўней звяртаецца да ценявых сетак і непразрыстых фінансавых сістэм, каб абыходзіць абмежаванні», — падкрэслілі ў Лондане. «Уведзеныя сёння санкцыі паказваюць, што Вялікабрытанія дзейнічае хутчэй і больш жорстка, чым раней, перакрываючы гэтыя каналы і адаптуючы падыход, каб апярэджваць расійскія схемы абыходу», — дадалі там.

Сетка A7 актыўна выкарыстоўвае фінансавую сістэму Кыргызстана. Яна прызначаная для фінансавання ваенных закупак і апрацоўкі плацяжоў ад продажу нафты. Паводле даных самой сеткі, у 2025 годзе праз яе было праведзена больш за 90 млрд долараў (77 млрд еўра). Гэта сума прыблізна адпавядае палове штогадовых ваенных выдаткаў Расіі, як адзначылі ў ўрадзе Вялікабрытаніі.

У новым санкцыйным пакеце Лондана — 18 пазіцый

A7, у прыватнасці, праводзіла плацяжы праз адзін з банкаў у Кыргызстане, а таксама задзейнічала буйную міжнародную крыптавалютную платформу. Пад санкцыі трапілі тры грузінскія кампаніі, што кіруюць арыентаванымі на Расію крыптабіржамі. Рэстрыкцыі таксама закранулі шэраг ключавых асоб, звязаных з сеткай.

У новым пакеце Лондана — 18 пазіцый, абмежавальныя меры накіраваныя на інфраструктуру РФ, што выкарыстоўваецца для перапампоўкі сродкаў, закупкі тавараў і падтрымання вайны супраць Украіны.

«Мы наносім удар па інфраструктуры, на якой трымаецца ваенная эканоміка Расіі, у той час як Украіна ўзмацняе ціск на полі бою», — падкрэсліла міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Івет Купер.

Аб'яднанае Каралеўства на сёння ўвяло санкцыі ў агульнай колькасці супраць больш чым 3300 фізічных асоб, кампаній і суднаў. З-за міжнародных рэстрыкцый эканоміка РФ ужо страціла звыш 450 млрд долараў (387 млрд еўра), падлічылі ў Лондане.

У маі Расія знізіла прагноз эканамічнага росту на бягучы год з 1,3% да 0,4%, прагноз на 2027 год скарочаны ўдвая.

Апошнія навіны