BE RU EN

Беларуска трэці год не можа падаць дакументы на польскае грамадзянства з-за «простага» разводу на радзіме

  • 27.05.2026, 2:10

Яна знайшла выйсце.

Ірына (імя зменена) планавала падаць дакументы на польскае грамадзянства яшчэ ў 2024 годзе, але дагэтуль гэтага не зрабіла. Усяму вінаватая яе беларускае пасведчанне аб разводзе. Справа ў тым, што жанчына скасавала шлюб не ў судзе, а праз ЗАГС. Толькі нядаўна ёй удалося вырашыць бюракратычныя пытанні, якія, нарэшце, дазволяць падаць дакументы на грамадзянства. Пра доўгую бюракратычную барацьбу яна расказала MOST.

Ірыне 32 гады. У Польшчы яна жыве ўжо пяць гадоў, у 2023 годзе атрымала пастаянны від на жыхарства па Карце паляка. Праз год яна планавала падаць дакументы на польскае грамадзянства, але рыхтавацца да гэтага пачала загадзя. Сярод іншага трэба было зарэгістраваць (умейсцаваць) беларускія акты грамадзянскага стану: пасведчанні аб нараджэнні, аб першым шлюбе, аб разводзе і аб другім шлюбе.

Умейсцаванне (umiejscowienie) — гэта ўнясенне ў польскія дзяржаўныя рэестры дакументаў, выдадзеных за мяжой.

Ірына звярнулася ў польскі ЗАГС, але там высветлілася, што зарэгістраваць пасведчанне аб разводзе не атрымаецца: для гэтага патрэбны нумар судовай справы. А ў Ірыны яго не было: яе развод быў аформлены ў ЗАГСе.

У Беларусі такі варыянт магчымы, калі ў сужэнцаў няма непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак. У Польшчы падобнай працэдуры няма — усе разводы афармляюцца ў судовым парадку.

«Мы былі шэсць гадоў у разводзе і ўвогуле не падтрымлівалі сувязі»

Аднак вырашыць гэтую праблему ўсё ж можна. Для падобных выпадкаў прадугледжана працэдура прызнання замежнага рашэння аб разводзе (uznanie wyroku rozwodowego). Ёй займаюцца акружныя суды па месцы жыхарства заяўніка ў Польшчы, а калі абодва бакі жывуць за мяжой — Акружны суд у Варшаве.

Ірына звярнулася ў Акружны суд у Катовіцах. Аднак там супрацоўніца канцылярыі прыйшла да высновы, што, паколькі ні Ірына, ні яе былы муж не з'яўляюцца грамадзянамі Польшчы, заява павінна разглядацца ў сталіцы.

Тады беларуска накіравала дакументы ў Акружны суд Варшавы, але праз два гады і адзін месяц іх вярнулі назад — па месцы юрысдыкцыі.

Пасля гэтага ў справе нарэшце з'явіліся зрухі, аднак Ірыну чакаў новы сюрпрыз. Высветлілася, што былы муж, які пастаянна пражывае ў Беларусі, павінен быць паведамлены пра пачаты ў Польшчы судовы працэс.

— На той момант мы ўжо былі шэсць гадоў у разводзе і ўвогуле не падтрымлівалі сувязі, — тлумачыць беларуска. — Мне давялося выйсці з ім на сувязь і прасіць забраць ліст.

Так Ірына даведалася, што ліст мужчыне быў дастаўлены з дапамогай беларускага суда. З гэтага яна зрабіла выснову, што ў заяве дастаткова паказаць актуальны адрас былога мужа, а калі суд не зможа ўручыць ліст — гэта будзе лічыцца пацвярджэннем спробы належным чынам паведаміць баку пра працэс.

Справу закрылі амаль праз тры гады

Нядаўна Ірына атрымала паведамленне з судовага анлайн-партала, што справа закрытая на яе карысць — праз два гады і 10 месяцаў пасля падачы дакументаў у Варшаве.

Цяпер беларуска чакае пісьмовае рашэнне, якое ёй павінны прыслаць па пошце. Пасля яго атрымання яна зможа завяршыць рэгістрацыю пасведчання аб разводзе ў Польшчы, а таксама зарэгістраваць новае пасведчанне аб шлюбе.

— [Супрацоўніца] ужонда (дзяржоргана. — Заўв. рэд.) аднойчы пажартавала, што мой муж, згодна з польскімі кнігамі актаў грамадзянскага стану, усё яшчэ кавалер (халасты. — Заўв. рэд.), — кажа беларуска.

Апошнія навіны