Беларускія навукоўцы заявілі, што распрацавалі прэпарат, эфектыўны супраць раку лёгкіх
- 27.05.2026, 6:00
Прэпарат паказаў добрыя вынікі на даклінічных выпрабаваннях.
Беларускія навукоўцы стварылі прэпарат для барацьбы з ракам лёгкіх, расказала намесніца дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Таццяна Невар, піша БелТА.
Цяпер у інстытуце ў распрацоўцы два прэпараты, аналагаў якім няма. Даследчыкі ўжо дайшлі да стадыі клінічных выпрабаванняў.
— Адзін з іх — прэпарат на аснове цыклапептыду, які падчас даклінічных выпрабаванняў паказаў высокую эфектыўнасць супраць раку лёгкіх. Мы ўскладаем вялікія надзеі на гэты прэпарат, чакаем, што клінічныя выпрабаванні пакажуць добрыя вынікі, — расказала Таццяна Невар.
Таксама ў інстытуце надаюць увагу распрацоўцы прэпаратаў геннай тэрапіі.
— Сярод іх — прэпарат для лячэння мукавісцыдозу — цяжкага геннага захворвання, якое забірае дзясяткі жыццяў маленькіх дзяцей, а курс тэрапіі каштуе некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў, — адзначыла Невар.
Яна дадала, што навукоўцы не плануюць спыняцца на адным захворванні.