Міліцыя разысквае вядомага беларускага святара
- 27.05.2026, 9:15
З-за «экстрэмізму».
Пратоіерэя Георгія (Юрыя) Роя, святара Уселенскага патрыярхату, абвясцілі ў вышук у Беларусі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, з іроніяй адзначыўшы, што цяпер яго фота размешчана на стэндах «Іх шукае міліцыя» па ўсёй краіне.
Паводле звестак «Медыязоны», Юрый Рой 1978 года нараджэння таксама знаходзіцца ў вышуку ў Расіі. Беларускія сілавікі сцвярджаюць, што святар нібыта здзейсніў злачынствы, прадугледжаныя ч. 1 і 2 арт. 361−4 КК Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Максімальнае пакаранне па гэтых артыкулах прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Звычайна падобныя справы ў Беларусі заканчваюцца спецыяльнай вытворчасцю і вынясеннем завочнага прысуду.
Георгій Рой стаў вядомы пасля падзей жніўня 2020 года, калі адкрыта выступіў супраць гвалту. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў ён падчас набажэнства нагадваў прыходжанам біблійныя словы пра тое, што «бацька хлусні — д'ябал», і заклікаў не падтрымліваць хлусню «у якой бы форме яна ні праяўлялася». У ліпені 2021 года яго знялі з пасады настаяцеля Пакроўскага сабора ў Гродне.
Пазней святар пакінуў Беларусь, а ў 2023 годзе разам з Аляксандрам Кухтам перайшоў пад юрысдыкцыю Уселенскага патрыярхату. Цяпер абодва жывуць у Літве.