Сяргея Стрыбульскага асудзілі на тры з паловай года
- 27.05.2026, 12:29
І далі вялікі штраф.
26 мая ў Магілёве асудзілі 50‑гадовага палітвязня Сяргея Стрыбульскага. Яго прызналі вінаватым па ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), піша «Вясна».
Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Акрамя зняволення, Стрыбульскаму прысудзілі вялікі штраф у памеры 550 базавых велічынь (24 750 рублёў).
Сяргея затрымалі 14 лістапада 2025 года. Першапачаткова ён адбыў два адміністрацыйныя арышты, але ўжо 12 снежня яго зноў затрымалі ў межах крымінальнай справы. Да суда мужчына ўтрымліваўся ў магілёўскай турме № 4.
Гэта далёка не першы выпадак ціску на актывіста: у 2017 годзе ён быў фігурантам рэзананснай «справы Белага легіёна» і правёў у СІЗА 99 дзён, пакуль справу не закрылі. У 2021 годзе ў яго канфіскавалі тэхніку, а ў сакавіку 2022 года — напярэдадні Дня Волі — Сяргея зноў затрымалі і асудзілі на 15 сутак. Тады ён распавядаў сябрам, што падчас затрымання сілавікі збівалі яго і катавалі токам.