Кансульства Польшчы ў Мінску змяніла правілы падаўжэння карт паляка
- 27.05.2026, 15:57
Частка заяўнікаў зможа запісацца па электроннай пошце.
Кансульства Польшчы ў Мінску змяніла правілы падаўжэння карт паляка, піша выданне MOST.
Як і раней, асобныя катэгорыі заяўнікаў могуць запісацца па электроннай пошце. Такі запіс даступны:
асобам, якія хадайнічаюць аб падаўжэнні карты паляка ў сувязі з дасягненнем паўналецця,
асобам, якія дасягнулі 65 гадоў,
асобам, якія хадайнічаюць аб атрыманні дубліката карты паляка ў сувязі з яе стратай,
асобам, якія хадайнічаюць аб атрыманні карты паляка ў сувязі са змяненнем звестак.
Для рэгістрацыі на візіт у кансульства неабходна адправіць на электронны адрас minsk.wk.karta@msz.gov.pl заяву, якая ўтрымлівае наступную інфармацыю:
імя і прозвішча ўладальніка карты паляка;
дата нараджэння;
адрас рэгістрацыі ў мінскім кансульскім акрузе;
тэрмін дзеяння наяўнай карты паляка.
У тэме ліста неабходна пазначыць адну з мэт:
Karta Polaka_przedłużenie_pełnoletność
Karta Polaka_przedłużenie_65+
Karta Polaka_duplikat
Karta Polaka_zmiana danych
e-konsulat
Тыя, хто не адносіцца да пазначаных катэгорый, могуць запісацца на візіт для падачы заявы аб падаўжэнні карты праз сістэму e-konsulat. У кансульстве абяцаюць, што даты запісу будуць публікавацца кожную пятніцу, а колькасць месцаў будзе абмежавана.