BE RU EN

Як толькі бачу расійскі нумар — адказваю па-беларуску

  • 27.05.2026, 17:21

У чым галоўная перавага беларускай мовы?

Дыскусія на тэму пераваг, якія дае веданне і выкарыстанне беларускай мовы, разгарэлася ў сацсетках. Яе ініцыяваў карыстальнік Threads пад нікам dlapryliku.

«Я раней нават не задумваўся, навошта патрэбная беларуская мова, — піша ён. — Самая галоўная перавага ў тым, што я больш не чытаю абразаў ад рускіх на адрас нашай мовы і краіны. А на ваш погляд, у чым перавагі беларускай мовы?»

Іншыя карыстальнікі адказалі аўтару паста. Сайт Charter97.org прыводзіць найбольш папулярныя каментары:

— Перавага ў тым, што махляроў вельмі лёгка адпудзіць: як толькі мне хтосьці тэлефануе і я бачу расійскі нумар, я адказваю па-беларуску. Спачатку яны злуяцца, а потым кладуць слухаўку.

— Перавага ў тым, што, ведаючы нашу мову, лёгка разумець палякаў, украінцаў і іншыя народы.

— Колькі моў ведаеце, столькі разоў і жывяце. Але адчуць сябе беларусам менавіта дзякуючы веданню мовы — ці ж гэта не перавага?

— Самае нашае. Адзін класік сказаў, што ад яе, ад нашай мовы, яму ў роце смачна. Лепш і не скажаш.

— Не трэба заходзіць у профіль чалавека, каб дзеля пачуцця камфорту пераканацца, што ён не з Расіі.

— Я адразу бачу беларусаў, разумею ўкраінцаў, значна лягчэй вучыцца польскай мове, гэта магчымасць далучыцца да беларускай культуры і зразумець беларускі характар.

— Адразу разумееш, якія якасці ёсць у чалавека і як ён ставіцца да беларускага народу. Рускамоўны чалавек з падобнымі да маіх поглядамі здаецца больш чужым, чым беларускамоўны з процілеглым меркаваннем.

— Гэта ваша родная мова, і вы хочаце на ёй размаўляць і яе прасоўваць. Гэта і ёсць галоўная перавага.

— Мова — наш шчыт.

— Адчуванне, што ты не здрадзіў сабе, сваім продкам, што ты ўвасабляеш у сабе беларуса.

Апошнія навіны