Reuters: Вялікабрытанія і Польшча рыхтуюць новы ваенны саюз супраць Расіі
- 27.05.2026, 17:39
Асаблівая ўвага — развіццю сістэм ППА і ПРА.
Вялікабрытанія і Польшча рыхтуюцца падпісаць новае маштабнае пагадненне ў сферы абароны і бяспекі на фоне нарастання пагроз з боку Расіі, піша Reuters.
Дакумент павінны падпісаць прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск і кіраўнік урада Вялікабрытаніі Кір Стармер падчас сустрэчы ў Лондане.
У брытанскім урадзе заявілі, што пагадненне будзе накіраванае на супрацьдзеянне сучасным пагрозам, у прыватнасці агрэсіўным дзеянням Расіі.
Ідзе пра ўзмацненне аховы межаў, барацьбу з арганізаванай злачыннасцю і пашырэнне абарончага супрацоўніцтва паміж краінамі.
Асобную ўвагу бакі нададуць развіццю сістэм праціўпаветранай і праціўракетнай абароны.
Таксама Лондан і Варшава плануюць аб’яднаць прамысловы і тэхналагічны патэнцыял для стварэння ўзбраення новага пакалення.
Адзін з ключавых напрамкаў пагаднення — кіберабяспека.
Польшча лічыць сябе адной з галоўных мэтаў расійскіх кібератак, дэзінфармацыйных кампаній і шпіёнскай дзейнасці.
Кір Стармер назваў будучае пагадненне з Польшчай «найбольш значным крокам у абаронных адносінах дзвюх краін за апошняе пакаленне».