BE RU EN

«Пуцін уцячэ або будзе застрэлены сваёй аховай»

  • Дзмітрый Чарнышэў
  • 28.05.2026, 9:33

Італьянскі ўрок для Расіі.

Мінулае Італіі можа стаць будучыняй Расіі. У 1946 годзе Італія ляжала ў руінах. І ўсім стала зусім відавочна — старая мадэль больш не працавала: «Няўжо можна пасля Мусаліні працягваць жыць, як раней?» І тады вырашылі правесці рэферэндум. Фармальна пытанне ставілася так: «Рэспубліка ці манархія?» Але фактычна італьянцы мусілі прагаласаваць за або супраць Саўойскай дынастыі.

ТАК, Саўойская дынастыя аб’яднала Італію. АЛЕ менавіта кароль Віктар Эмануіл III прызначыў Мусаліні прэм’ер-міністрам у 1922 годзе, цярпеў фашызм 20 гадоў, падпісваў расісцкія законы, не спыніў дыктатуру і ўцёк з Рыма ў 1943 годзе, калі немцы акупавалі горад. Кінуў войска і сталіцу. Для многіх гэта было здрадай.

Вясной 1946 года кароль зразумеў, што прайграе, і за месяц да рэферэндуму пайшоў на адчайны PR-крок. Ён адрокся ад трону на карысць свайго сына Умбэрта II. Давайце не будзем варушыць мінулае і пачнем усё з чыстага ліста. Хто старое памяне... Але ўжо было позна. Умбэрта кіраваў усяго 34 дні і ўвайшоў у гісторыю як «Майскі кароль».

Вынік рэферэндуму 2 чэрвеня: 54,3% за рэспубліку супраць 45,7% за манархію. Каля 12 мільёнаў супраць 10 мільёнаў галасоў. Адрыў — менш за 2 мільёны пры насельніцтве ў 45 мільёнаў. Гэта было першае агульнанацыянальнае галасаванне ў Італіі, у якім удзельнічалі жанчыны.

Фактычна рэферэндум раскалоў Італію: прамысловая, левая поўнач прагаласавала за рэспубліку, а кансерватыўны, аграрны поўдзень — за манархію. Менавіта поўнач арганізавала Супраціў, перажыла грамадзянскую вайну і нямецкую акупацыю. Там манархію лічылі саўдзельніцай фашызму. На поўдні кароль успрымаўся як бацька нацыі, гарант парадку і абарона ад хаосу. Асабліва людзі баяліся камуністаў. Ватыкан, вядома, не хацеў камуністычнай рэвалюцыі, але і занадта цеснай асацыяцыі з праваленай манархіяй таксама баяўся.

Манархісты адразу вырашылі аспрэчваць вынікі і заяўлялі, што былі фальсіфікацыі, што частка бюлетэняў сапсавана, а галасы салдат улічаны няправільна. На вуліцах Рыма былі сутыкненні і загінулыя. У некаторых паўднёвых гарадах успыхнулі беспарадкі. Але Вярхоўны суд пацвердзіў перамогу рэспублікі.

Яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння вынікаў, калі папярэднія даныя паказвалі перамогу рэспублікі, Умбэрта пакінуў Італію і вылецеў у Партугалію. Канстытуцыя 1948 года забараніла мужчынскім нашчадкам Саўойскай дынастыі ўезд у Італію. Гэтую забарону знялі толькі ў 2002 годзе — праз 56 гадоў пасля рэферэндуму.

p.s.

Калі паханат рухне, а ён абавязкова рухне, Пуцін уцячэ або будзе застрэлены сваёй аховай. І ўсім стане зразумела, што так больш жыць нельга. І тады таксама трэба будзе правесці рэферэндум — як жыць далей? Не ведаю, як вы, а я прапанаваў бы надаць усім жадаючым права свабоднага выхаду са складу Расіі. Вярнуў бы Украіне ўсе захопленыя тэрыторыі і дапамог бы аднавіць усё, разбуранае вайной. Абвясціў бы ФСБ злачыннай арганізацыяй і распусціў бы яе. Правёў бы адкрыты суд над усімі арганізатарамі вайны — ад парламентароў і вайскоўцаў да чэкістаў і прапагандыстаў. Распусціў бы РПЦ і правёў бы люстрацыю.

А якія пытанні вы вынеслі б на рэферэндум?

Дзмітрый Чарнышэў, «Тэлеграм»

Апошнія навіны