Зборныя Беларусі выступяць на чэмпіянаце свету па хакеі
- 28.05.2026, 16:41
Такое рашэнне прыняла ІІХФ.
Некалькі зборных Беларусі змогуць выступіць на чэмпіянатах свету па хакеі ў сезоне 2026/2027. Такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ), паведамілі ў Федэрацыі хакея Беларусі.
У праграму сусветных першынстваў на наступны сезон уключаны мужчынская юніёрская зборная U-18, жаночая юніёрская каманда і жаночая нацыянальная зборная Беларусі. Пры гэтым пытанне аб вяртанні мужчынскай нацыянальнай каманды пакуль застаецца адкрытым.
Беларускія хакеісты U-18 згуляюць у адной групе са зборнымі Славакіі, Чэхіі, Канады і Фінляндыі. Турнір пройдзе ў амерыканскім Дулуце з 22 красавіка па 2 мая.
Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі Аляксандр Багдановіч назваў рашэнне ІІХФ «важным і пазітыўным крокам для беларускага хакея».
Беларускія зборныя былі адхілены ад міжнародных спаборніцтваў у 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.