«Белавія» перафарбавала ўсе самалёты
- 28.05.2026, 17:25
На гэта пайшло 10 гадоў.
Авіякампанія «Белавія» паведамляе: самалётаў у старой ліўрэі не засталося. Цяпер усе перафарбаваныя ў «васількі». І на гэта пайшло аж 10 гадоў.
Свой стары лагатып з чырвонай «птушкаю» кампанія называе «камарыкам», піша blizko.by.
У 2016 годзе з'явіўся першы самалёт у новай афарбоўцы з васількамі. Перафарбоўванне ішло паступова, але яшчэ зусім нядаўна ў флоце можна было сустрэць самалёт у старым выглядзе: «Эмбраер-195» з бартавым нумарам EW-399PO насіў тую самую рэтра-ліўрэю.
Аднак некалькі дзён таму і гэты Embraer змяніў ліўрэю і цяпер таксама перафарбаваны ў «васількі».
Такім чынам, на поўнае пераўтварэнне ўсяго флоту (цяпер у перавозчыка 14 самалётаў у строі) пайшло 10 гадоў. Адзін Embraer-190 пры гэтым афарбаваны ў лагатып хакейнага клуба «Дынама» (але таксама з васількамі), за гэта самалёт празвалі «Дынамалёт».