BE RU EN

Лукашэнка ператварыўся ў «тоўстую» мішэнь

  • Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
  • 29.05.2026, 11:15

Пра што кажуць ваенныя заводы, што гараць у Расіі.

Украінскія ўлады прадэманстравалі еўрапейскім паслам замежныя кампаненты, якія былі ў расійскіх ракетах і дронах, выпушчаных па Украіне ўначы 24 мая. Сярод іншага там былі мікрачыпы і платы для крылатых ракет і «Арэшніка», выпушчаныя мінскім «Інтэгралам».

Пакуль што афіцыйны Кіеў заклікаў партнёраў узмацніць кантроль над доступам Беларусі да замежнай электронікі. Але на фоне апошніх заяваў, што гучаць з Украіны на адрас лукашэнкаўскага рэжыму, гэтая навіна выглядае як мішэнь на тым самым «Інтэграле».

І самае сумнае ў тым, што такіх мэтаў можа быць не адна і не дзве. Нядаўна камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі заявіў, што на дадзены момант ужо вызначана 500 такіх мэтаў на тэрыторыі Беларусі. А раней ён пагражаў асабіста Лукашэнку за садзейнічанне расійскім акупантам.

Сумна і тое, што словы пра магчымыя ўдары па беларускіх прадпрыемствах, якія абслугоўваюць расійскі ваенна-прамысловы комплекс, цяпер гучаць не толькі з вуснаў заядлых алармістаў і хайпажораў. Пра гэта, як пра не нулявы варыянт, цяпер адкрыта кажуць адэкватныя эксперты.

Той жа Аляксей Копыцько, які піша пра нулявы давер да «міратворчасці» Лукашэнкі, таксама вызначыў шэраг мэтаў:

«Нагадаю, што ў студзені-лютым 2022-га Лукашэнка кляўся, што ніякіх пагроз Украіне з тэрыторыі Беларусі не будзе. І добра, што яго словы дзялілі на 16. Цяпер іх можна проста памнажаць на нуль.

Больш за тое. Цяпер Украіна можа аднаасобна абнуліць Мазырскі і Наваполацкі НПЗ, а таксама шэраг хімічных прадпрыемстваў: Салігорск, Любань, Петрыкаў, Гродна».

І калі камусьці здаецца вар'яцкай фантазіяй сам факт магчымага ўдару па гродзенскім «Азотзе», які пастаўляе сыравіну расійскаму ваенна-прамысловаму комплексу, то ўспомніце пра атакі ўкраінскіх дронаў на аналагічныя заводы ў Расіі. Ці пра ваенныя заводы, якія выпускаюць электроніку, што гарэлі пасля атак. Зусім нядаўна гэта здавалася немагчымым і для расіян.

Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»

Апошнія навіны