BE RU EN

ЗША ў Савеце Бяспекі ААН перасцераглі Расію ад удараў па Кіеву

  • 29.05.2026, 9:12

Масква адкажа за «варварскую эскалацыю».

Намесніца пастаяннага прадстаўніка Злучаных Штатаў Амерыкі пры ААН Тэммі Брюс назвала масіраваныя расійскія абстрэлы Кіева «непатлумачальнай, небяспечнай і варварскай эскалацыяй». Яна заклікала да неадкладнага спынення агню і правядзення перамоваў.

Пра гэта яна сказала падчас пасяджэння Савета Бяспекі ААН, перадае «Укрінформ». Таксама яна падкрэсліла, што ЗША гатовыя адыграць канструктыўную ролю ў разе гатоўнасці бакоў да перамоваў.

Брюс адзначыла, што ў выніку расійскіх удараў па Украіне, у тым ліку з ужываннем балістычных ракет «Арэшнік», загінулі мірныя жыхары, больш за сотню чалавек атрымалі раненні.

«Апошнія масіраваныя ўдары па Кіеву з боку Расіі, уключаючы разгортванне гіпергукавых балістычных ракет «Арэшнік», з'яўляюцца непатлумачальнай, небяспечнай і варварскай эскалацыяй», — адзначыла яна.

Брюс дадала, што падчас расійскіх атак былі знішчаныя або пашкоджаныя музеі, аб'екты грамадскага транспарту, жылыя дамы і іншыя аб'екты.

Яна выказала спачуванні пацярпелым і падкрэсліла, што накіраваныя атакі супраць мірнага насельніцтва «недапушчальныя і агідныя».

ЗША перасцераглі Расію ад удараў па Кіеву

ЗША перасцерагаюць Расію ад так званых сістэматычных удараў па Кіеву, з-за якіх ахвяр можа стаць яшчэ больш, і ў далейшым гэта можа ўскладніць перспектывы міру.

Намесніца пастаяннага прадстаўніка таксама выказала «сур'ёзную заклапочанасць» тым, што Расія не выконвае абавязацельствы па абароне дыпламатычных аб'ектаў і персаналу ў адпаведнасці з міжнародным правам.

«Мы нагадваем Расіі ў выразных фармулёўках пра яе юрыдычныя абавязацельствы», — падкрэсліла яна, дадаўшы, што «дыпламатыя і перамовы з'яўляюцца адзіным шляхам да трывалага міру. Злучаныя Штаты зноў заклікаюць да неадкладнага і ўсеабдымнага спынення агню як кроку да ўстойлівага перамоўнага завяршэння вайны», — падкрэсліла Брюс.

Яна таксама адзначыла, што «альтэрнатывай з'яўляецца далейшая эскалацыя гвалту, якая выйдзе з-пад кантролю, — і гэта непрымальна».

У выпадку рэальнай гатоўнасці бакоў да міру, паводле слоў намесніцы пастаяннага прадстаўніка, ЗША гатовыя адыграць канструктыўную ролю.

Апошнія навіны