Названа краіна, якая аказалася найбольш шчодрай на «шэнген» для беларусаў
- 29.05.2026, 17:13
У мінулым годзе беларусы атрымалі больш за 150 тысяч шэнгенскіх віз.
За 2025 год беларусы атрымалі больш за 150 тысяч шэнгенскіх віз, а менавіта — 152 571. Актуальнай сусветнай статыстыкай падзялілася Еўракамісія. Дарэчы, узровень адмоваў у мінулым годзе быў зусім невялікі — 2,3%, без візы засталіся 3652 заяўнікі.
Больш за ўсё адмоваў у выдачы віз было ад Германіі (1131 адмова), Польшчы (865), Францыі (597) і Літвы (464).
А найбольш шчодрай на выдачу аказалася Італія. У 98,9% выпадкаў беларусы атрымлівалі мультывізу. Да таго ж менавіта гэта краіна выдала найбольш — 50 176 віз. Да гэтага два гады лідарства трымала Германія. У 2025‑м яна апынулася на другім месцы — 37 692, больш за 90% заяўнікаў атрымалі «мультык».
Далей адрыў па колькасці даволі вялікі. 16 280 віз ад Польшчы — мультывізаў каля 80%, 9874 ад Францыі («аднакраткі» атрымалі крыху менш за 30% заяўнікаў) і 8762 візы ад Венгрыі (дзякуючы ім некалькі разоў уязджаць у шэнгенскую зону змогуць больш за 60% заяўнікаў).
Найменш ахвотна мультышэнген выдавалі Румынія, Славакія і Балгарыя — яго атрымалі менш за 40% заяўнікаў.
Усяго за 2025 год ва ўсім свеце было пададзена 11 934 106 заяў на шэнгенскую візу. З іх на долю беларусаў прыпадае каля 2%.