Мінабароны Румыніі раскрыла тып дрона РФ, які трапіў у шматпавярховы дом
- 29.05.2026, 12:38
Таксама стала вядома, чаму яго не збілі.
Міністэрства нацыянальнай абароны Румыніі ўстанавіла, што ў шматпавярховы дом у Галацы трапіў расійскі дрон «Герань-2».
Пра гэта паведамляе Digi24.
Адзначаецца, што групы спецыялістаў Мінабароны, Міністэрства ўнутраных спраў і Румынскай разведвальнай службы працягваюць расследаванне ў раёне жылыга дома ў Галацы, у які раніцай 29 мая трапіў беспілотнік.
«Паводле папярэдніх даных, увесь груз дрона тыпу «Герань-2» расійскай вытворчасці выбухнуў падчас сутыкнення», — паведамілі ў Мінабароны.
Дроны «Герань» расійскай вытворчасці былі распрацаваныя на аснове іранскай мадэлі беспілотнікаў Shahed, якую Расія актыўна выкарыстоўвае супраць Украіны з пачатку вайны.
Прадстаўнікі міністэрства таксама паведамілі, што два чалавекі, якія атрымалі раненні ў выніку выбуху, былі дастаўлены ў акруговую клінічную бальніцу неадкладнай дапамогі ў Галацы.
«Міністэрства нацыянальнай абароны рашуча асуджае безадказныя дзеянні Расійскай Федэрацыі і падкрэслівае, што яны ўяўляюць новую пагрозу рэгіянальнай бяспецы і стабільнасці ў Чарнаморскім рэгіёне. Такія інцыдэнты дэманструюць непавагу Расіі да нормаў міжнароднага права і ставяць пад пагрозу не толькі бяспеку грамадзян Румыніі, але і калектыўную бяспеку НАТА», — адзначылі ў ведамстве.
Румынія патлумачыла, чаму не збіла расійскі дрон
Вайскоўцы сцвярджаюць, што не мелі дастаткова часу для перахопу расійскага беспілотніка.
Паводле слоў брыгаднага генерала Георге Максіма, з моманту выяўлення мэты да яе падзення мінула ўсяго чатыры хвіліны.
«Першым абмежаваннем, якое мы маем, з'яўляецца юрыдычнае: мы не можам весці агонь так, каб гэта закранала паветраную прастору суседняй краіны. Акрамя таго, для паражэння паветранай мэты патрэбны пэўны час, які прадугледжвае выяўленне, ідэнтыфікацыю і паражэнне. 4 хвіліны, якія былі ў нашым распараджэнні, былі надзвычай кароткім часам», — патлумачыў ён.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што значная частка румынскіх сістэм супрацьпаветранай абароны была створана яшчэ да пачатку маштабнага выкарыстання ўдарных дронаў у сучасных войнах.
Па словах Максіма, армія пастаянна працуе над мадэрнізацыяй сродкаў СПА і іх адаптацыяй да новых выклікаў. Асобна генерал патлумачыў, чаму паблізу месца інцыдэнту не былі разгорнутыя зенітныя ўстаноўкі Gepard. Паводле яго слоў, у мірны час вайскоўцы не могуць размяшчаць такія сістэмы дзе-небудзь без адпаведных дазволаў.
Прадстаўнік Мінабароны Румыніі Крысціян Паповіч таксама адзначыў, што вайскоўцы не могуць дзейнічаць такім чынам, каб стварыць яшчэ большую небяспеку для грамадзянскага насельніцтва.
Ён адзначыў, што армія працуе ў межах выразных заканадаўчых абмежаванняў і не заўсёды мае магчымасць ужыць зброю адразу пасля выяўлення паветранай мэты.
У Мінабароны Румыніі таксама паведамілі, што працягваюць працаваць над змяненнямі ў заканадаўстве, якія дазволяць больш эфектыўна рэагаваць на падобныя інцыдэнты ў будучыні.