BE RU EN

Румынія можа актываваць чацвёрты артыкул НАТА праз падзенне расійскага беспілотніка на шматпавярхоўку

  • 29.05.2026, 13:40

Заяву зрабіла кіраўніца МЗС Румыніі.

У ноч на 29 мая расійскі беспілотнік заляцеў у паветраную прастору Румыніі і ўрэзаўся ў дах шматкватэрнага дома ў горадзе Галац, выклікаўшы пажар.

Падзенне расійскага беспілотніка на шматпавярховы дом у Румыніі, што адбылося ў ноч на 29 мая, можа актываваць чацвёрты артыкул НАТА.

Такую заяву зрабіла кіраўніца МЗС Румыніі Оана-Сільвія Цою, піша Mediafax.

Оана-Сільвія Цою падкрэсліла, што здарэнне ў горадзе Галац адносіцца да тых выпадкаў, па якіх можна актываваць чацвёрты артыкул НАТА. Скарыстацца такім інструментам мае права прэзідэнт Румыніі.

Паводле слоў міністра замежных спраў Румыніі, можа быць склікана пасяджэнне Савета нацыянальнай бяспекі. Адпаведнае абмеркаванне цяпер вядуць з прэзідэнтам Нікушорам Данам.

Канчатковае рашэнне яшчэ не прынята, як не прынята і рашэнне аб актывацыі чацвёртага артыкула НАТА. Згодна з ім, любая дзяржава-член Альянсу можа склікаць кансультацыі з саюзнікамі, калі, на яе думку, пад пагрозай знаходзіцца яе тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць або бяспека.

Гэта не азначае аўтаматычнае прымяненне ваеннай сілы, у адрозненне ад пятага артыкула НАТА. Нагадаем, у ноч на 29 мая расійскі беспілотнік, які ўдзельнічаў у нападзе на Украіну, заляцеў у паветраную прастору Румыніі і ўрэзаўся ў дах шматкватэрнага дома ў горадзе Галац.

У выніку ўдару загарэлася кватэра на 10-м паверсе і пацярпелі двое чалавек. Пажар хутка патушылі.

Апошнія навіны