Ісландыя рыхтуецца да рэферэндуму аб уступленні ў ЕС
- 29.05.2026, 14:42
Рэферэндум адбудзецца 29 жніўня.
Ісландыя правядзе агульнанацыянальны рэферэндум па пытанні аднаўлення перамоваў аб уступленні ў Еўрапейскі саюз, якія былі прыпыненыя больш за дзесяць гадоў таму, піша Reuters.
Парламент Ісландыі падтрымаў правядзенне рэферэндуму, які адбудзецца 29 жніўня. Галасаванне стане першым этапам урадавага плана, які можа вярнуць краіну да перамоўнага працэсу з ЕС.
У выпадку падтрымкі гэтай ініцыятывы грамадзянамі Ісландыя адновіць перамовы аб уступленні ў Еўрапейскі саюз. Калі ж большасць выбарцаў выкажацца супраць, спробы вярнуцца да еўраінтэграцыйнага працэсу будуць спыненыя.
Перамовы аб уступленні Ісландыі ў ЕС доўжыліся чатыры гады, аднак былі прыпыненыя ў 2013 годзе пасля прыходу да ўлады еўраскептычнага ўрада.
У той жа час апошнія сацыялагічныя апытанні сведчаць пра рост падтрымкі сяброўства ў Еўрапейскім саюзе. Сярод прычын называюць павышэнне кошту жыцця і ўплыў вайны ва Украіне на сітуацыю з бяспекай у Еўропе.
Прафесар Універсітэта Ісландыі Олафур Тордур Хардарсон адзначыў, што многія грамадзяне пакуль не вызначыліся адносна сяброўства ў ЕС, таму двухэтапная сістэма галасавання можа дапамагчы ім прыняць рашэнне.
Урад Ісландыі прапануе пасля завяршэння перамоваў правесці яшчэ адзін рэферэндум, на якім грамадзяне ацэняць ужо канкрэтныя ўмовы сяброўства.