Ва Украіне затрыманы сын прадстаўніцы офіса Ціханоўскай у Кіеве
- 29.05.2026, 16:42
СМІ пішуць пра карупцыйную схему.
Ва Украіне затрыманы Нікіта Шатылін — сын прадстаўніцы офіса Ціханоўскай у Кіеве Святланы Шатылінай. Гэта ў размове з «Еўрарадыё» пацвердзіла сама Святлана.
«Спадзяюся, што ў найбліжэйшыя 24 гадзіны буду мець дакументы, каб даць больш дакладную інфармацыю пра тое, што адбылося. Прычыны затрымання і абставіны з сынам не мела магчымасці абмеркаваць.
Я не хачу мець канспіралагічных версій. Адзінае, што я ведаю, што ён нібыта вёз людзей з Кіева ў нейкае месца ва Украіне. І ёсць пытанне, хто гэтыя людзі і чаму ён іх вёз», — сказала прадстаўніца Ціханоўскай.
Нікіта Шатылін — дэпутат Ірпінскага гарадскога савета і кіраўнік Упраўлення па пытаннях ветэранскай палітыкі Ірпінскага гарсавета.
Пра затрыманне Нікіты ўранку 29 мая паведамілі ўкраінскія СМІ. Паблік «Ірпінь онлайн» звязвае затрыманне з правядзеннем 26 мая СБУ і Нацпаліцыяй аперацыі па спыненні пяці схем ухілення ад мабілізацыі ў розных рэгіёнах краіны. У межах аперацыі былі затрыманыя дзесяць меркаваных арганізатараў незаконных схем.