BE RU EN

Нафта рэзка патаннела на фоне перамоваў па Іране

  • 29.05.2026, 19:32

Удзельнікі рынку разлічваюць на аднаўленне суднаходства ў Армузскім праліве.

Нафта Brent у апошні працоўны дзень траўня гандлюецца каля адзнакі $92 за барэль і за месяц патаннела на 19%. Удзельнікі рынку ўвесь гэты час спадзяваліся на заключэнне мірнага пагаднення паміж ЗША і Іранам, і ў апошнія дні, паводле паведамлення Axios, была дасягнутая дамоўленасць аб заключэнні перамір'я на 60 дзён. Яна прадугледжвае аднаўленне суднаходства ў Армузскім праліве без якіх-небудзь дадатковых умоваў.

Прэзідэнт Дональд Трамп пакуль не зацвердзіў умовы пагаднення, паведаміла асоба, знаёмая з сітуацыяй, выданню Bloomberg. Раней Трамп заявіў, што возьме некалькі дзён на роздум. «Рынак відавочна спадзяецца, што мы цяпер знаходзімся на шляху да нейкага рашэння, — кажа Б'ярнэ Шылдроп, галоўны аналітык па сыравінных рынках банка SEB. – Верагодным выйсцем з гэтай вайны ўжо даволі доўгі час выглядае ўгода, якая, па сутнасці, не з'яўляецца ўгодай, а хутчэй пагадненнем аб працягванні перамоваў і наступным урэгуляванні спрэчных пытанняў».

Хоць фактычнае закрыццё Армузскага праліву прывяло да скарачэння паставак энергарэсурсаў, шэраг захадаў — ад росту экспарту нафты з ЗША і іншых вытворцаў да запаволення імпарту Кітаем і іншымі краінамі, скарачэння спажывання і продажу нафты са стратэгічных рэзерваў — дазволіў змякчыць наступствы. Калі першапачаткова страты сусветнага рынку ацэньваліся прыкладна ў 20% (каля 20 млн барэляў у суткі), то на працягу бліжэйшага года большасць апытаных Bloomberg Intelligence удзельнікаў рынку чакае дэфіцыту ў памеры 3–7 млн барэляў у суткі.

Дзве траціны з іх чакаюць сярэднюю цану Brent на працягу гэтага перыяду на ўзроўні $81–100 за барэль; 56% лічаць, што да канца бягучага года яна будзе вагацца ў гэтым дыяпазоне.

Апошнія навіны