BE RU EN

Пуцін назваў вайну блізкай да завяршэння

  • 29.05.2026, 21:15

Крэмль спрабуе выдаць тупік на фронце за «наступленне».

Дыктатар Уладзімір Пуцін на фоне сумарных тэрытарыяльных страт ва Украіне зноў заявіў пра хуткае завяршэнне баявых дзеянняў, патлумачыўшы гэта «наступленнем» расійскай арміі на фронце. «Што да маёй заявы пра тое, што, на мой погляд, справа ідзе да завяршэння. Я зрабіў гэтую заяву не проста так, а зыходзячы з аналізу сітуацыі на полі бою, а там нашы войскі наступаюць па ўсіх напрамках, вы ж бачыце, кожны божы дзень», — сказаў Пуцін, піша The Moscow Times.

Аналагічную заяву ён рабіў 10 мая. Тады Пуцін таксама казаў, што расійскае ўварванне ва Украіну набліжаецца да завяршэння. Пры гэтым ён сцвярджаў: вайна цягнецца пяты год з-за лідараў «глабалісцкага напрамку заходніх эліт», якія, «ваюючы супраць Расіі рукамі ўкраінцаў», пераканалі Кіеў не падпісваць мірную дамову, дасягнутую, паводле слоў Пуціна, паміж расійскай і ўкраінскай дэлегацыямі ў Стамбуле ў 2022 годзе.

Сёння, 29 мая, Пуцін таксама паведаміў, што кантакты па Украіне захоўваюцца, аднак паўнавартасныя перамовы цяпер не вядуцца. Акрамя таго, ён заявіў, што ў Расіі «ніколі не было агрэсіўных намераў» у дачыненні да еўрапейскіх краін. «Заявы еўрапейскіх палітыкаў пра тое, што яны рыхтуюцца да вайны з Расіяй, — гэта лухта», — сказаў ён.

Асобна Пуцін пракаментаваў рэакцыю заходніх СМІ на ўдар па інтэрнаце ў Старобельску. «Гэта сродкі масавага абдурывання, а не сродкі масавай інфармацыі», — заявіў ён. Паводле даных ЗСУ, у выніку ўдару быў знішчаны штаб расійскага падраздзялення БПЛА «Рубікон», тады як расійскі бок сцвярджае, што загінулі навучэнцы каледжа.

Апошнія навіны