BE RU EN

Туапсэ і рэвалюцыя

  • Аляксандр Адельфінскі
  • 3.05.2026, 12:31

Хунта ў Крамлі варожая не толькі да суседніх краін.

Найгалоўнейшая адметнасць туапсінскага размяшчэння нафтавых прадпрыемстваў — у тым, што яны ўбудаваныя ў гарадскую структуру не толькі цалкам, але і сваімі найбольш небяспечнымі часткамі, літаральна ўціснутыя паміж дамоў.

Больш таго, горад размешчаны на гарах і паміж гарамі і морам, гэта значыць, у ім ёсць шэраг асаблівасцяў мікраклімату і цыркуляцыі паветраных мас. Акрамя таго, рэльеф такі, што водны сцёк імкнецца ў раку і ўліваецца ў марскія плыні. Там усё побач, нікому і няма куды аддаліцца ад месцаў катастроф так, каб стала бяспечней.

Горад выходзіць да набярэжнай, а яна і ёсць порт з усімі пабудовамі. Порт акаймлены ракой Туапсінка (цяпер СМІ называюць яе проста — рака Туапсэ) з паўднёва-ўсходняга боку і ракой Паук — з паўночна-заходняга, і на берагах абедзвюх рэк ёсць буйныя прамысловыя пабудовы.

Усё гэта непасрэдна мяжуе з пляжамі ў бок Агоя з аднаго боку, злева па карце, і ў напрамку да Сочы ўздоўж узбярэжжа, справа па карце. Да чаго такія падрабязнасці? Да таго, што Расіяй кіруюць не толькі злачынцы, але і абсалютна закончаныя дурні, хай і хітрыя: іхняя хітрасць скіраваная на ўласнае ўзбагачэнне і розуму ім не дадае.

Крэмль забівае, не зважаючы, Украіну, якая церпіць ад расійскай агрэсіі. Ён жа падстаўляе такія гарады, як Туапсэ, ствараючы там экалагічныя катастрофы. Вярхоўным рашысцкім бандытам усё адно, колькі людзей яны загубяць хоць з якога боку: яны абароненыя бункерамі і СПА, сцягнутымі з усёй краіны да іх логаваў.

Адмысловая нагляднасць туапсінскай катастрофы яскрава паказала, наколькі хунта варожая не толькі да іншых краін, але і да той, якую яна захапіла. Хаця, здавалася б, на які ўжо год адкрытага ваеннага злачынства ўсім даўно магло быць ясна значна больш пра гэтую ўладу, чым прарываецца ў інтэрнэт сёння.

Запаволенасць грамадскай расійскай рэакцыі на любыя працэсы ў краіне-агрэсары відавочная. Мноства прычын таму — і гістарычная імперскасць, і паніжаная эмпатыя ў насельніцтва ў цэлым, і абшырнасць расійскіх тэрыторый, калі «мая хата з краю», і несумнеўны стакгольмскі сіндром, што прыводзіць да таго, што насельніцтва кожны раз не проста нейтральнае да злачынстваў улады, але і саўдзельнічае ў іх.

Аднак, хай і з улікам затрымак пры рэагаванні літаральна на ўсё, рэакцыя відавочная. Вельмі павольна, часткова, з агаворкамі, насельніцтва краіны, здаецца, пачынае ўцямляць: гэтая ўлада — злачынная падстава для народа і пагроза як нязломленай Украіне, так і ўсяму чалавецтву.

Калі, і калі наогул, колькасць падобных тэндэнцый перарасце ў якасць грамадскіх паводзінаў, неабходна будзе, каб замест разбэшчанага крамлёўскага вор’я да ўлады не прыйшлі сілы, якія СВАІмі рукамі забівалі ўкраінцаў, або сілы з «групы падтрымкі», што дакараюць цяперашнюю хунту ў недастатковасці звярыстваў.

Гэтая, цяперашняя, улада павінна быць адхіленая, нейтралізаваная любым магчымым спосабам. Важна, каб яе ў выніку не замянілі бадзёрыя ўпыры, зусім і непасрэдна, літаральна па локаць у крыві. У любым выпадку дэмакратычна і ліберальна мыслячым сілам неабходна сканцэнтравацца на моманце, калі ўлада «павісне» ў працэсе яе патэнцыйнай змены альбо ў перыяд яе пачатковай дзейнасці. Адзін рашызм не павінен прыйсці на месца другога.

Аляксандр Адельфінскі, kasparovru.com

Апошнія навіны