BE RU EN

Чатыры сцэнары для Беларусі: ці ўступіць Лукашэнка ў вайну

  • 3.05.2026, 13:52

У Польшчы спрагназавалі верагоднае развіццё падзей.

Экспертка Польшскага інстытута міжнародных спраў (PISM) Ганна Марыя Дынэр у інтэрв’ю Centrum Europy абазначыла чатыры магчымыя сцэнары ўдзелу Беларусі ў вайне, адзначыўшы, што іх верагоднасць залежыць перадусім ад стратэгіі Расіі і таго, як будуць развівацца падзеі ў вайне ва Украіне.

Паўночны фронт

Першы сцэнар, які абмяркоўваўся падчас размовы эксперткі з журналістам Centrum Europy, прадугледжвае, што пуцінская Расія ўрэшце прымусіць Лукашэнку далучыцца да вайны з Украінай, адкрыўшы паўночны фронт.

Аднак, паводле слоў Ганны Марыі Дынэр, гэта магчыма толькі пры ўмове, што Расія сапраўды захоча задушыць Украіну і выйграць гэту вайну. Бо калі дапусціць, што яна не хоча спыняць вайну з Украінай, а з розных прычын мае патрэбу ў яе працягванні, то ў такім выпадку падобны сцэнар «можна лічыць малаверагодным».

Экспертка адзначае, што пры гэтым сцэнары можа ўзнікнуць пагроза адкрыцця паўночнага фронту.

«Гэта магчыма. Мы можам уявіць сабе наступ з Брэсцкай вобласці на поўдзень (Украіны. – Заўв. рэд.), на Валынскую і Львоўскую вобласці ўздоўж нашай мяжы. Дастаткова толькі падарваць чыгунку, і гэта будзе вялікай праблемай», — адзначыла спецыялістка.

Мілітарызацыя Беларусі

Другі сцэнар — узмацненне мілітарызацыі Беларусі без непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях. Гэта можа быць сігналам Маскве, што Мінск здольны самастойна кантраляваць сітуацыю ў выпадку канфлікту з Украінай або краінамі НАТА.

«Лукашэнка сапраўды мог бы жадаць паказаць, што ў яго ёсць узброеныя сілы, здольныя абараніць краіну. Як ад Расіі, так і ў пэўнай ступені ад НАТА», — адзначае Дынэр.

Пры гэтым яна падкрэслівае, што ўлады Беларусі не разглядаюць НАТА як рэальную пагрозу, а дэманстрацыя сілы можа быць разлічаная перш за ўсё на Расію:

«Беларуская прапаганда — гэта адно, а зусім іншае — рэальныя вайсковыя веды. У 2019 годзе прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі змаглі публічна заявіць, што не ўспрымаюць НАТА як пагрозу. Яны ведаюць, што НАТА не нападзе на Беларусь, таму павінны прадэманстраваць сваю сілу перад Расіяй».

Сувалкскі калідор і напад на Польшчу

Трэці сцэнар звязаны з магчымым канфліктам у Балтыйскім рэгіёне. Беларусь у ім можа не ўдзельнічаць непасрэдна, але будзе сігналізаваць НАТА, што будзе абараняць сваю тэрыторыю і не дазволіць адрэзаць яе ад Сувалкскага калідора.

І, нарэшце, чацвёрты сцэнар — сумесную атаку Беларусі і Расіі на Польшчу — Дынэр называе найменш верагодным:

«Гэта азначала б удар па найбуйнейшай краіне ўсходняга флангу НАТА, у якой ёсць сілы, каб супрацьстаяць гэтаму».

На думку эксперткі, такі крок быў бы занадта рызыкоўным для Расіі, асабліва на фоне працяглай вайны супраць Украіны. Гэта стала б адкрыццём другога фронту.

У цэлым Дынэр лічыць, што найбольш небяспечнымі могуць стаць не паўнамаштабны канфлікт, а абмежаваныя правакацыі, асабліва ў Балтыйскім рэгіёне, якія могуць праверыць гатоўнасць НАТА да рэагавання.

Апошнія навіны