Падзеі ў Беларусі напалохалі Пуціна
- 3.05.2026, 14:19
Усе дыктатары ходзяць па тарфяным пажары.
Прафесар Універсітэцкага каледжа Лондана Уладзімір Пастухоў патлумачыў, як падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе паўплывалі на расійскую ўладу і рашэнне пачаць вайну ва Украіне.
— Я лічу, што падзеі ў Беларусі мелі велізарнае значэнне, — адзначае Уладзімір Пастухоў у інтэрв’ю на «Живом гвозде». — Калі мы бярэм гэты параметр «вайна», зрух па фазе ў бок таталітарнай сістэмы, то можна сказаць, што падзеі ў Беларусі адыгралі адразу з двух бакоў.
Па-першае, яны напалохалі. Яны адыгралі тую ж ролю, якую падзеі ў Кіеве 2004 года адыгралі ў зруху тагачаснага Пуціна да таго, што пазней было названа суверэннай дэмакратыяй.
Падзеі ў Беларусі напалохалі, яны яшчэ раз нагадалі, што ўсе палітыкі, палітычны клас ходзяць па тарфяным пажары — нібыта не чуваць, не відаць, але пад табой дзесьці на 20 см тэмпература можа быць 1000°. І адзін нязграбны рух — занадта моцна тупнуў ножкай — і ты праваліўся і згарэў.
Вось гэта і адыграла сваю ролю на карысць ахоўніцкай партыі ў Расіі. Ды не толькі ў Расіі, усе глядзелі. Таму яны сказалі: «Хлопцы, вось што бывае з тымі, хто не дакручвае гайкі да канца».
Аднак, на думку палітолага, гайкі ў Беларусі не дакруцілі з абодвух бакоў.
— Сітуацыя ў многім паказала, што калі ты не ставішся да рэвалюцыі сур’ёзна, менавіта як да рэвалюцыі, калі не разумееш, у чым яе сутнасць, то ты заўсёды прайграеш. І ўлада гэта таксама злавіла. Яна зразумела, што ёсць мяжа, калі можна мець справу з цудоўнымі людзьмі, якія моляцца на ненасільніцкі прыход да ўлады. Гандызм такі, — тлумачыць Пастухоў.
Але Гандзі, для якога ненасілле было формай барацьбы, на думку палітолага, проста разумеў, з якім грамадствам ён мае справу.
— Калі б ён меў справу з іншым грамадствам, напрыклад, з рускім царом, ён паводзіў бы сябе зусім інакш, — лічыць Пастухоў. — Брытанцы на той момант ужо былі іншымі і таго звярыства, якое яны дэманстравалі 100 гадоў таму, не маглі сабе дазволіць. І Гандзі гэта ўлічваў. Гэта спрацавала лепш, чым прамая сіла, таму што інакш ён справакаваў бы адказ большай сілы, і быў бы які-небудзь Алжыр.
Менавіта таму, лічыць палітолаг, рэжым у Расіі на прыкладзе Беларусі ўсвядоміў, з кім і як менавіта трэба змагацца.
— Улада зразумела, як важна аддзяляць тых, хто заклікае да ненасільніцкай барацьбы, і тых, хто па-ленінску падымае рэвалюцыю. І адсюль вырас вось гэты накірунак барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, які цяпер развіваецца. Гэта таксама стала зразумела з досведу Беларусі. Таму ўплыў (падзей — заўв. С) велізарны. І, з майго пункту гледжання, сітуацыя з Навальным не пайшла б тым шляхам, якім яна пайшла, калі б не было падзей у Беларусі. Гэта такія ўзаемазвязаныя рэчы, — падсумоўвае Уладзімір Пастухоў.