Ізраіль набудзе ў ЗША дзве новыя эскадрыллі знішчальнікаў F-35 і F-15IA
- 3.05.2026, 17:01
Эскадрыллі набыюць у межах плана развіцця ўзброеных сіл краіны коштам $119 млрд.
Камітэт па закупках Міністэрства абароны Ізраіля ўхваліў набыццё дзвюх новых эскадрылляў амерыканскіх знішчальнікаў F-35 і F-15IA. Пра гэта паведамляе (Reuters https://www.reuters.com/) са спасылкай на Мінабароны Ізраіля.
Міністр абароны Ізраіля Ісраэль Кац заявіў, што адабрэнне стварэння новых знішчальных эскадрылляў з'яўляецца першым крокам у рэалізацыі маштабнага плана нарошчвання ўзброеных сіл коштам 350 млрд шэкеляў ($119 млрд) пад назвай «Шчыт Ізраіля». Кантракты з амерыканскімі кампаніямі Lockheed Martin і Boeing прадугледжваюць не толькі пастаўку самалётаў, але і іх інтэграцыю ў сістэмы ВПС Ізраіля.
«Акрамя задавальнення надзённых патрэб у закупках падчас вайны, мы абавязаныя дзейнічаць ужо цяпер, каб забяспечыць ваенную перавагу Арміі абароны Ізраіля праз дзесяць гадоў і надалей», — падкрэсліў генеральны дырэктар Міністэрства абароны Ізраіля Амір Барам.
Паводле яго слоў, вайна з Іранам «узмацніла разуменне таго, наколькі важныя стратэгічныя адносіны паміж ЗША і Ізраілем і наколькі неабходная перадавая ваенна-паветраная магутнасць».
Boeing раней заключыла з Ізраілем кантракт на пастаўку 25 новых самалётаў F-15IA з апцыёнам яшчэ на 25. Сума здзелкі ацэньвалася ў $8,6 млрд. У мінулым месяцы таксама стала вядома, што Міністэрства абароны Ізраіля заключыла з кампаніяй Elbit Systems серыю кантрактаў на пастаўку авіяцыйных боепрыпасаў на суму каля $200 млн.