BE RU EN

Расійскі генерал Авер'янаў, якога лічылі забітым, з’явіўся на цырымоніі перадачы Гвінеі ваеннай тэхнікі

  • 3.05.2026, 17:15

Фотафакт.

Генерал ГРУ Андрэй Авер'янаў, якога лічылі забітым падчас атакі на карабель ценявога флоту з баз у Лівіі, узяў удзел у цырымоніі перадачы ваеннай тэхнікі РФ узброеным сілам Гвінеі.

Пра гэта піша «Агенцтва. Навіны» у нядзелю, 3 мая, са спасылкай на фота, апублікаваныя адміністрацыяй прэзідэнта краіны.

У цырымоніі, якая адбылася ў пятніцу, 1 мая, узялі ўдзел прэзідэнт Гвінеі Мамадзі Думбуя, прэм’ер-міністр Амаду Уры Бах і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі краіны. З расійскага боку на мерапрыемстве былі пасол РФ у Рэспубліцы Гвінея і старшы прадстаўнік Міністэрства абароны Расіі, які таксама быў спецпасланнікам расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна.

На фота можна ўбачыць, што расійскі генерал стаіць побач з гвінейскімі чыноўнікамі, а таксама разам з імі аглядае перададзеную зброю і абмундзіраванне. На іншым фота відаць, як Авер'янаў выступае з трыбуны са зваротам.

Фото: Агентство. Новости / Telegram

У паведамленні гаворыцца, што Гвінея закупіла ў Расіі вайсковую форму, цяжкія каскі, бронекамізэлькі, баявыя боты, сучасныя беспілотнікі і іншае абсталяванне для вядзення баявых дзеянняў, назірання і супрацьпаветранай абароны.

Андрэй Авер'янаў узначальвае вайсковую часць № 29155, якая адказвае за дыверсіі за мяжой.

Фото: Агентство. Новости / Telegram

3 красавіка французскае радыё RFI са спасылкай на «інфармаваныя лівійскія крыніцы» паведаміла, што ўкраінскія войскі з лівійскіх баз атакавалі два расійскія караблі ценявога флоту, сярод якіх быў танкер QENDIL, па якім нанеслі ўдар 19 снежня. У выніку таго ўдару, сцвярджала RFI, загінуў генерал Авер'янаў.

«Французскае радыё» са спасылкай на крыніцы пісала, што Лівія заключыла пагадненне з Украінай аб размяшчэнні 200 украінскіх вайскоўцаў на трох аб’ектах на сваёй тэрыторыі. Узамен Украіна павінна была забяспечыць навучанне ў сферы беспілотнікаў і інвестыцыі.

Фото: Агентство. Новости / Telegram

Апошнія навіны