Аўстралійская авіякампанія запускае найдаўжэйшы рэйс у свеце
- 3.05.2026, 17:24
Колькі ён доўжыцца?
Аўстралійская авіякампанія Qantas рыхтуецца запусціць найдаўжэйшыя беспасадачныя авіярэйсы ў свеце працягласцю каля 22 гадзін. Пра гэта 27 красавіка паведамляе Unilad.
Першыя рэйсы ў межах праекта Project Sunrise плануюць пачаць у 2027 годзе. Гэта будуць пералёты Сіднэй – Лондан і Сіднэй – Нью-Ёрк аднолькавай працягласці. Хаця маршрут Лондан – Сіднэй карыстаецца папулярнасцю, цяпер пасажырам звычайна даводзіцца рабіць перасадкі ў аэрапортах такіх краін, як Сінгапур, Тайланд або ААЭ.
Для звышдалёкіх рэйсаў Qantas выкарыстоўвае самалёты Airbus A350-1000. Першы лайнер ужо сабраны ў Францыі і праходзіць выпрабаванні перад камерцыйным запускам. На борце змогуць размясціцца 238 пасажыраў замест стандартных 300: частку месцаў прыбяруць дзеля павялічанай прасторы для ног і спецыяльных зон паміж эканом- і прэміум-класам. У першым класе пасажырам прапануюць асобны ложак, крэсла, гардэроб і 32-цалевы экран.
У кампаніі заявілі, што новыя рэйсы дазволяць скараціць час пералёту паміж Аўстраліяй і Еўропай або ЗША прыблізна на чатыры гадзіны. Паводле ацэнак кіраўніцы Qantas Ванэсы Хадсан, квіткі эканом-класа могуць каштаваць прыблізна на 20% даражэй за цяперашнія рэйсы з перасадкамі.
Цяпер рэкорд найдаўжэйшага прамога рэйса належыць Singapore Airlines – пералёт паміж Сінгапурам і Нью-Ёркам доўжыцца крыху больш за 18 гадзін.