BE RU EN

WP: Украінскія дроны «разносяць» расійскі тыл

  • 30.05.2026, 9:22

Удары наносяцца ўсё глыбей па тэрыторыі РФ.

Пасля складанай зімы Украіна ўступіла ў новы летні баявы сезон з істотна мацнейшымі пазіцыямі. Галоўнай прычынай запаволення расійскага наступу стала імклівае нарошчванне ўкраінскіх беспілотных магчымасцяў — ад тактычных дронаў на фронце да дальнабойных апаратаў, што наносяць удары ў глыб тэрыторыі РФ.

Пра гэта піша The Washington Post у рэпартажы з Данецкай вобласці, дзе ўкраінскія вайскоўцы кіруюць тысячамі беспілотнікаў з падземных цэнтраў кіравання.

Камандзір падраздзялення беспілотных сістэм Уладзіслаў Тоўсты ўспамінае, як у пачатку вайны ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўвалі звычайныя грамадзянскія дроны для выведкі.

«Мы былі сляпыя, як катяты. Потым мы запусцілі Mavic, і ўбачылі 50 адзінак варожай тэхнікі. Мы накіравалі па іх артылерыйскі агонь», — распавёў ён.

За некалькі гадоў украінская сістэма беспілотнай вайны ператварылася ў шматузроўневую сетку дронаў блізкага, сярэдняга і дальняга радыусу дзеяння.

Расійскі наступ амаль спыніўся

Паводле дадзеных аналітыкаў, тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў істотна знізіліся. Калі летась расійская армія захоплівала ў сярэднім каля 390 квадратных кіламетраў у месяц, то цяпер гэтыя паказчыкі скараціліся да нязначнай часткі.

У красавіку Расія ўпершыню за амаль два гады страціла больш тэрыторыі, чым змагла захапіць.

У той жа час украінскія беспілотнікі ўсё больш актыўна атакуюць лагістычныя маршруты, камандныя пункты і сістэмы супрацьпаветранай абароны ў тыле праціўніка.

Пракрамлёўскі палітычны аналітык Сяргей Маркаў прызнаў уплыў гэтых удараў. Ён заявіў:

«Назіраецца сур'ёзнае запаволенне расійскага наступу».

Паводле слоў Маркава, расійскія войскі цяпер вымушаныя трымаць склады і лагістычныя вузлы на адлегласці больш за 150 кіламетраў ад украінскіх пазіцый, што ўскладняе манеўраванне войскаў.

Украіна павялічвае колькасць удараў

Камандзір падраздзялення дальнабойных беспілотнікаў Яўген Карась паведаміў, што колькасць украінскіх ударных дронаў сярэдняй дальнасці за апошнія гады вырасла больш як на 1000%.

Карась кажа: «Я думаю, што яны будуць у вельмі складаным становішчы ў гэтай палове года, бо мы збіраемся яшчэ больш павялічыць колькасць трапленняў».

Па яго словах, для расійскіх ваенных камандзіраў найбліжэйшыя месяцы могуць стаць асабліва складанымі.

Удары ўсё глыбей па тэрыторыі Расіі

Украінскія дальнабойныя беспілотнікі ўжо рэгулярна дасягаюць мэт на сотнях і нават тысячах кіламетраў ад мяжы.

Адзін з рэкордных — удар па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Рэспубліцы Комі, што размешчана на поўначы Расіі. Беспілотнік пераадолеў каля 1770 кіламетраў.

Паводле адкрытых крыніц, з мінулага лета Украіна нанесла больш за 1500 пацверджаных удараў па аб'ектах на тэрыторыі РФ. А толькі ў сакавіку ўкраінскія сілы запусцілі каля 7000 беспілотнікаў.

Такія атакі вымушаюць Маскву перакідваць сістэмы СПА з фронту ў сталіцу і да стратэгічных аб'ектаў у глыбокім тыле.

Вайна на знясіленне працягваецца

Нягледзячы на станоўчыя для Кіева тэндэнцыі, аналітыкі папярэджваюць ад празмернага аптымізму. Расія працягвае акупаваць каля 20% тэрыторыі Украіны і захоўвае магчымасць наносіць маштабныя ракетныя ўдары.

На думку аналітыка Нацыянальнага інстытута стратэгічных даследаванняў Мікалая Белескова, ключавой задачай Украіны застаецца вытрымаць працяглае супрацьстаянне. Эксперт адзначае:

«Гэта вайна на знясіленне. Гэта як баксёрскі паядынак з неабмежаванай колькасцю раўндаў. Нам проста трэба заставацца на нагах да апошняга».

У той жа час эксперты адзначаюць, што пасля самага цяжкага зімовага перыяду Украіна ўваходзіць у лета з большымі магчымасцямі для стрымлівання расійскага наступу і працягу кампаніі удараў па ваеннай інфраструктуры праціўніка.

Апошнія навіны