Анджэй Пачобут атрымаў спецыяльную ўзнагароду «Gazety Wyborczej»
- 30.05.2026, 10:44
«Чалавек года» паводле версіі аўтарытэтнага польскага выдання — прэм’ерка Даніі Метэ Фрэдэрыксэн.
Прэм’ерка Даніі Метэ Фрэдэрыксэн стала лаўрэаткай прэміі «Чалавек года», якую штогод уручае аўтарытэтнае польскае выданне «Gazeta Wyborcza». Узнагароду ёй уручыў прэм’ер Польшчы Дональд Туск. Спецыяльную ўзнагароду «Gazety Wyborczej» атрымаў былы палітвязень, журналіст, лідар польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут.
Кіраўніца ўрада Даніі ў сваёй прамове падкрэсліла, што «кожнае пакаленне павінна змагацца за свабоду».
Атрымаўшы ўзнагароду, Пачобут выступіў з кароткай, але надзвычай моцнай прамовай. «Я не лічу сябе героем. (…) Але факт застаецца фактам: мяне не зламалі. Таму яны так баяцца польскага духу над Нёманам», — сказаў ён са сцэны.
Яго словы выклікалі працяглую авацыю і сталі адным з самых запамінальных момантаў цырымоніі ўзнагароджання.
У абгрунтаванні ўзнагароды нагадалі, што Анджэй Пачобут — журналіст, публіцыст і дзеяч польскай нацыянальнай меншасці, палітычны вязень, а таксама кавалер Ордэна Белага Арла. Яго шматгадовае зняволенне стала адным з самых вядомых прыкладаў пераследу незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў.
На цырымоніі, у тым ліку, прысутнічалі галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна і каардынатары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка і Яўген Афнагель.
Наталля Радзіна падзякавала прэм’еру Польшчы Дональду Туску за дапамогу беларускім незалежным медыям, а Яўген Афнагель — за ўдзел Польшчы ў вызваленні беларускіх палітвязняў.