BE RU EN

Чаму ў Беларусі адключаюць ваду і як гэта змяніць?

  • 30.05.2026, 13:20

Меркаванне эканаміста.

Эканаміст Таццяна Панкова расказала ў эфіры праграмы «Раніца з Белсатам», што летняе адключэнне вады ў Беларусі адбываецца з-за старой цэнтралізаванай сістэмы цеплазабеспячэння, а замяняць яе дзяржава не хоча, бо лічыць будаўніцтва лядовых палацаў больш важным пытаннем.

«Цяперашняя сістэма [існуе] яшчэ з савецкіх часоў. Гэта стары буйны інфраструктурны комплекс, і трэба разумець ступень яго зносу. Гэта зношаныя трубы, зношаныя інфраструктурныя сеткі, цепласеткі і гэтак далей, і гэтак далей. І таму, вядома, (...) гэта выклікае вялікія праблемы», — кажа эканаміст.

Паводле слоў эканаміста, змяніць усю сістэму адразу немагчыма — на гэта спатрэбяцца вялікія грошы і дзесяцігоддзі.

«Гэта велізарныя інвестыцыі, а прыярытэты ў нас іншыя. Нам трэба будаваць лядовыя палацы, якія потым пустуюць, утрымліваць камісію па барацьбе з дармаедамі, — кажа Таццяна Панкова. — Гэта можна было б зрабіць, але гэта не пытанне аднаго, двух, трох, дзесяці гадоў. Гэта тыя сродкі, якія павінны цалкам замяніць усю гэту сістэму — трубы і ЦЭЦ па ўсёй краіне. На жаль, мне падаецца, [гэта здарыцца] не пры нашым жыцці».

Эканаміст кажа, што ваду адключаюць, каб правесці і праверку, і рамонт, калі ён патрэбны. А праз тое, што ацяпленне і гарачая вада — адна інфраструктурная сетка, гэта робяць летам. Бо зімой, без ацяплення, было б яшчэ цяжэй.

Але патроху сістэма змяняецца — у Беларусі ўжо існуюць электрадомы, якія не падключаныя да цэнтральнай сістэмы, таму вада там ніколі не знікае.

«Нават у Мінску на трыццаты год запланавана пэўная колькасць электрадомаў, каб перанесці гэтую нагрузку, бо ў нас ёсць БелАЭС. А калі гэта электрадом, то гэта трохі зніжае нагрузку. У аўтаномным доме ёсць свой бойлер, і тады ёсць гарачая вада. Але такіх дамоў яшчэ мала. І таксама пабудаваць іх усе і ўсё замяніць — гэта вельмі-вельмі доўга», — кажа эканаміст. — У нас ёсць два шляхі. Або як у Еўропе, але ў Еўропе ўкладаліся ў гэтую сістэму гарачай вады. Або ўкраінскі прыклад — [калі] ставіш сабе бойлер, у цябе павялічваецца спажыванне электраэнергіі. Ты плаціш за яе больш — і таксама незадаволены».

Напрыклад, гэта савецкая цэнтральная сістэма ацяплення ў Польшчы ўжо не існуе, бо краіна з цягам часу яе перабудавала.

«Калі яны [палякі] пачыналі гэта перабудоўваць, інвестыцыі накіроўваліся туды, куды трэба. І таму яны з цягам гадоў змаглі замяніць гэтыя трубы, буйныя кацельні на лакальныя бойлеры, міні-ЦЭЦ і іншыя рашэнні. Нам не стае, па-першае, грошай. Бо калі паглядзець, як штогод фармуецца бюджэт, то першыя радкі займаюць праваахоўная і судовая сістэмы. Таму ў нас іншыя прыярытэты».

Апошнія навіны