РФ атакавала цягнікі ва Украіне
- 30.05.2026, 17:05
Загінуў машыніст, ёсць параненыя.
Расія 30 мая атакавала грамадзянскую чыгуначную інфраструктуру Украіны. Пра гэта паведаміла «Укрзалізниця».
«Сёння каля палудня тэрарысты атакавалі чыгуначную інфраструктуру і рухомы састаў у Запарожжы. У выніку ўдару пашкоджаныя электравоз і цеплавоз. На жаль, чыгуначная сям’я панесла страту — загінуў машыніст. Яшчэ двое супрацоўнікаў атрымалі траўмы», — гаворыцца ў паведамленні.
Раней у гэты ж дзень «Укрзалізниця» паведаміла пра прамое траплянне некалькіх дзясяткаў шахедаў у будынак вакзала горада Шостка.
«Тыповы “цэнтр прыняцця рашэнняў”: грамадзянскі вакзал, з якога штодня сотні людзей у Сумскай вобласці накіроўваліся па сваіх грамадзянскіх справах. Ахвяр сярод работнікаў і пасажыраў няма, людзі знаходзіліся ў сховішчах», — адзначыла прэс-служба.