ФБР правяло найбуйнейшую ў гісторыі канфіскацыю крыптавалюты
- 30.05.2026, 20:25
На $8 млрд.
ФБР паведаміла аб канфіскацыі рэкордных 127 тысяч біткойнаў коштам больш за $8 млрд і затрыманні сотняў падазраваных у межах міжнароднай аперацыі супраць махлярскіх цэнтраў і арганізаваных злачынных груповак. Найбуйнейшая канфіскацыя звязаная з арыштам Чэнь Чжы, кіраўніка камбаджыйскай кампаніі Prince Holding Group, якому выстаўленыя абвінавачанні ў махлярстве і адмыванні грошай. Пра гэта паведамляе Fox News.
Паводле звестак ведамства, злачынныя сеткі ў Азіі, Афрыцы і на Блізкім Усходзе былі накіраваныя на грамадзян ЗША. Сярод іх узгадваецца групоўка Democratic Karen Benevolent Army, прызнаная амерыканскімі ўладамі транснацыянальнай злачыннай арганізацыяй.
Дырэктар ФБР Каш Патель заявіў, што ў ходзе аперацый праваахоўнікі вызвалілі каля дзвюх тысяч чалавек, якіх выкарыстоўвалі ў махлярскіх схемах, ліквідавалі злачынныя цэнтры з абаротам больш за $8 млрд і арыштавалі амаль 300 чалавек. У Дубаі былі затрыманыя 275 падазраваных, шасцёра з іх будуць экстрадаваныя ў ЗША.