BE RU EN

Рэдкую блакітную мікрапоўню можна ўбачыць вечарам 30 і 31 мая

  • 30.05.2026, 21:41

Для назірання не патрэбныя тэлескопы.

У гэтыя выхадныя ўвечары можна ўбачыць рэдкую з’яву — блакітную мікрапоўню, паведамляе The Guardian.

Блакітная поўня — гэта другая поўня ў адным каляндарным месяцы. Звычайна поўня бывае раз на месяц, але часам з-за 29,5-дзённага цыклу здараецца і другая. Менавіта такая з’ява чакаецца ў гэтыя выхадныя.

Ёсць і «сезонная блакітная поўня» — дадатковая поўня цягам астранамічнага сезона. У такім выпадку трэцюю з чатырох поўняў называюць блакітнай.

Мікрапоўня — гэта поўня, якая адбываецца ў самай далёкай кропцы арбіты (прыкладна на адлегласці 406 тыс. км ад Зямлі). Бачны памер спадарожніка пры гэтым на 14 % меншы, чым у суперпоўні, і прыкладна на 6 % меншы за звычайную поўню. Але гэта не азначае, што Месяц будзе выглядаць зусім малюсенькім.

Блакітныя поўні здараюцца раз на некалькі гадоў, мікрапоўні — два-тры разы на год. Блакітная мікрапоўня здараецца прыблізна раз на некалькі дзесяцігоддзяў. Наступная такая падзея для Еўропы чакаецца ў 2066 годзе, хоць у ЗША яе ўбачаць ужо ў 2053 годзе.

Колер Месяца пры гэтым не змяняецца — блакітнаваты адценак ён можа набыць толькі з-за пылу ў атмасферы пасля моцных лясных пажараў або вывяржэнняў вулканаў.

Назіраць з’яву найлепш вечарам 30 мая або 31 мая, а пік поўні настане 31 мая а 11:45 па мінскім часе. Для назірання не патрэбныя тэлескопы — дастаткова яснага неба і месца падалей ад гарадскіх агнёў. У Паўночным паўшар’і спадарожнік будзе знаходзіцца нізка над гарызонтам.

Апошнія навіны