Зяленскі рэзка адказаў на ідэю Расеі пра перамір’е
- 5.05.2026, 16:14
Гэтай ноччу акупанты наносілі ўдары пераважна па аб’ектах украінскай энергетыкі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на начны напад Расеі з выкарыстаннем дронаў і ракет у розных абласцях Украіны.
«Абсалютны цынізм — прасіць цішыні для правядзення прапагандысцкіх урачыстасцяў і наносіць такія ракетна-дронавыя ўдары ўсе дні перад гэтым. Кожны дзень Расея можа спыніць агонь, і гэта спыніць вайну і нашы адказы. Патрэбны мір, і для гэтага патрэбныя рэальныя крокі. Украіна будзе дзейнічаць сіметрычна», — падкрэсліў Зяленскі.
Як адзначыў кіраўнік украінскай дзяржавы, уначы расейскія захопнікі атакавалі энергетычную інфраструктуру ў Палтаўскай вобласці.
Таксама ён адзначыў, што расейцы абстрэльвалі і Харкаўскую вобласць. У прыватнасці, чацвёра чалавек атрымалі раненні. На жаль, адзін чалавек загінуў.
«У Дняпрапятроўскай вобласці атакавалі крытычную інфраструктуру. Трое чалавек параненыя ў вобласці. У Паўлаградзе пашкодзілі ЛЭП, з-за чаго тысячы сем’яў засталіся без святла. Былі ўдары і па Запарожжы і Кіеўскай вобласці, дзе параненыя трое чалавек. У цэлым галоўнымі мэтамі Расеі гэтай ноччу былі аб’екты нашай энергетычнай інфраструктуры», — паведаміў Зяленскі.
Як пісаў сайт Charter97.org, Расея абвясціла аднабаковае перамір’е з Украінай на 8–9 мая.