Аўтобус з Мінска ў Літву разгарнулі на мяжы праз лішняе паліва
- 5.05.2026, 17:03
Гэта першы вядомы выпадак.
Новыя літоўскія абмежаванні на ўвоз паліва з Беларусі, якія ўступілі ў сілу 3 мая, ужо дзейнічаюць. 5 мая на мяжы разгарнулі рэгулярны аўтобус, які накіроўваўся з Мінска ў Каўнас. Пасажырам давялося дабірацца да Вільнюса на таксі. «Zerkalo» высветліла падрабязнасці інцыдэнту.
Як паведаміў адзін з пасажыраў рэйса Мінск — Каўнас Леанід (імя зменена), раніцай 5 мая іх аўтобус не змог перасячы літоўскую мяжу ў пункце прапуску «Мядзінінкай». Гаворка пра рэйс, які выправіўся з аўтавакзала «Цэнтральны» а 04:00.
— Аўтобус не прапусцілі праз мяжу літоўскія мытнікі ў пункце прапуску «Мядзінінкай». Нам сказалі, што далей не паедзем праз паліва, больш нічога не тлумачылі. Давялося выклікаць таксі да Вільнюса з бліжэйшай запраўкі з літоўскага боку. Ці прапусцілі аўтобус пасля — не ведаю: трэба было спяшацца на самалёт, — расказаў Леанід.
Паводле слоў мужчыны, перавозчык не прапанаваў яму ніякай кампенсацыі за ўзніклыя нязручнасці.
Журналіст, прадстаўляючыся працадаўцам аднаго з пасажыраў, звязаўся з кампаніяй «Інтэркарс», у якой Леанід набываў квіток. Там пацвердзілі, што аўтобус сапраўды не прапусцілі праз літоўскую мяжу. Што да кампенсацыі, параілі звярнуцца наўпрост да перавозчыка — кампаніі «ІП БайерТранс». Аднак там на званкі ніхто не адказаў.
Нагадаем, 3 мая 2026 года ў Літве ўступілі ў сілу папраўкі да Закона «Аб абмежавальных мерах у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны». Яны прадоўжылі дзеючыя санкцыі ў дачыненні да Расіі і Беларусі і ўвялі новыя.
Адно з нававедзенняў закранула паліва. Цяпер уваз паліва з Беларусі або Расіі ў стандартных баках транспартных сродкаў забаронены, калі яго аб’ём перавышае 200 літраў. Абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 снежня 2027 года.
Як паведамляла Мытня Літвы, пры выяўленні перавышэння нормы ў 200 літраў транспартны сродак не будзе дапушчаны на тэрыторыю Літвы і Еўрасаюза і будзе разгорнуты назад у краіну выезду. У выпадку нязгоды кіроўцы з такім рашэннем да яго могуць быць ужытыя санкцыі, прадугледжаныя арт. 515 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, уключаючы магчымы арышт транспартнага сродку.