Макрон заклікаў Паўднёвы Каўказ выбраць еўрапейскі шлях
- 5.05.2026, 16:42
І выйсці з-пад уплыву РФ.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заклікаў Паўднёвы Каўказ адмовіцца ад логікі імперскіх зон уплыву і будаваць будучыню ў цеснай сувязі з Еўропай. Пра гэта ён заявіў на адкрыцці міжнароднага Yerevan Dialogue Forum у сталіцы Арменіі, паведамляе «Укринформ».
«Я ведаю, што многія доўгі час лічылі, што лёс Арменіі можа быць толькі пад нібыта ахоўным крылом Расіі. Вайна і ўсё тое, што вы перажылі, усе трагедыі, праз якія вы прайшлі, паказалі, што гэтае крыло не было такім ахоўным, як многія думалі», — сказаў Макрон.
Макрон адзначыў, што пасля завяршэння баявых дзеянняў у 2020 годзе Арменія пераадолела перыяд нестабільнасці і здзейсніла палітычны разварот у бок дэмакратыі, міру і Еўропы. Ён лічыць, што такі прыклад павінен даць штуршок маштабным зменам ва ўсім рэгіёне.
Кіраўнік Францыі падкрэсліў: Паўднёвы Каўказ не павінен быць тэрыторыяй, дзе пануюць імперскія амбіцыі іншых дзяржаў. Гэты рэгіён можа ператварыцца ў стратэгічны «сярэдні калідор», які будзе злучаць еўрапейскую прастору з Цэнтральнай Азіяй і Блізкім Усходам.
Ключавой умовай для гэтага прэзідэнт назваў паўнавартаснае разблакіраванне межаў — як з Турцыяй, так і з Азербайджанам, а таксама развіццё супрацоўніцтва з Грузіяй.
Эмануэль Макрон звязвае будучае развіццё Каўказа з еўрапейскай інтэграцыяй і выступіў з ініцыятывай стварыць «кааліцыю незалежных».
«Нашай прапановай свету павінен стаць новы альянс — аб’яднанне незалежных дзяржаў, заснаванае на міжнародным парадку, вяршэнстве права, прынцыпах свабоднага гандлю і абароне дэмакратычных інстытутаў — ад незалежных СМІ да акадэмічнай свабоды», — падсумаваў французскі лідар.