У Румыніі разгарэўся ўрадавы крызіс
- 6.05.2026, 8:14
Прэм'ер сыходзіць у адстаўку з-за вотуму недаверу.
Дэпутаты румынскага парламента прагаласавалі за вотум недаверу ліберальнаму прэм'ер-міністру Іліе Боложану пасля таго, як адна з партый кіроўнай кааліцыі далучылася да ультраправой апазіцыі, піша Бі-бі-сі.
Сацыял-дэмакраты, найбуйнейшая партыя краіны, у красавіку выйшлі з чатырохпартыйнай кааліцыі Боложана. Дзякуючы іх галасам вотум недаверу падтрымаў 281 дэпутат — істотна больш за мінімальны парог у 233 галасы.
Партыя неаднаразова канфліктавала з лібералам Боложанам з-за мер жорсткай эканоміі, накіраваных на скарачэнне бюджэтнага дэфіцыту.
Прэзідэнт Нікушор Дан, як чакаецца, цяпер паспрабуе аднавіць кааліцыю з іншым палітыкам у крэсле прэм'ер-міністра. Ён ужо даў зразумець, што Румынія — сябра ЕС і НАТА, якая мае агульную мяжу з Украінай, — працягне праеўрапейскі курс.
Чарговыя парламенцкія выбары ў Румыніі запланаваныя толькі на 2028 год, а датэрміновыя малаверагодныя. Тым не менш фінансавыя рынкі занепакоеныя тым, што палітычная турбулентнасць можа перашкодзіць краіне выканаць абавязацельствы па скарачэнні найбуйнейшага ў ЕС бюджэтнага дэфіцыту.
Напярэдадні галасавання курс румынскага лея адносна еўра ўпаў да рэкордна нізкага ўзроўню.
Кааліцыя Боложана прыйшла да ўлады дзесяць месяцаў таму на тле спроб стрымаць рост папулярнасці ультраправога «Альянсу за аб’яднанне румынаў» (AUR), які атрымаў траціну месцаў у парламенце.
Пазней Нікушор Дан атрымаў перамогу на напружаных прэзідэнцкіх выбарах пасля таго, як перамога ультраправых на выбарах годам раней была ануляваная з-за абвінавачанняў у фальсіфікацыі выбарчай кампаніі і ўмяшанні з боку Расіі.
Пасля прыходу да ўлады гэтая кааліцыя пачала скарачаць бюджэтны дэфіцыт, аднак разыходжанні з сацыял-дэмакратамі ўзмацніліся, бо меры жорсткай эканоміі ўдарылі па электарата левых партый. Тым не менш сацыял-дэмакраты заявілі, што гатовыя зноў увайсці ў праеўрапейскую кааліцыю пры іншым прэм'ер-міністры.
«Палітычныя дыскусіі будуць складанымі, але мой абавязак як прэзідэнта — а таксама абавязак палітычных партый — у тым, каб весці Румынію правільным шляхам», — заявіў Дан журналістам.
Цяпер чакаецца, што прэзідэнт прызначыць на пасаду кіраўніка ўрада іншага члена партыі Боложана або, магчыма, тэхнакрата. Да зацвярджэння новага складу ўрада Боложан будзе працягваць выконваць абавязкі прэм'ер-міністра.