ISW: Расія не здольная абараніць сябе ад украінскіх удараў
- 6.05.2026, 10:10
Аналітыкі растлумачылі, што стаіць за словамі Крэмля напярэдадні 9 мая.
Украіна не толькі працягвае, але і нарошчвае ўдары па важных мэтах у глыбокім тыле РФ — на адлегласці сотняў, або больш за тысячу км ад украінскай мяжы. Сярод апошніх атак — удары па НПЗ у Кірышах, які ўваходзіць у тройку найбуйнейшых у Расіі, і па важным для расійскага ВПК заводзе.
Гэтыя ўдары, а таксама істэрычнасць, з якой Расія спрабуе дамагчыся спынення агню на 9 мая, калі ў Маскве будзе праходзіць вайсковы парад, з’яўляюцца сведчаннем няздольнасці агрэсара, які пачаў вайну, абараніцца ад адказных удараў. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Расія не здольная абараніцца ад украінскіх глыбінных удараў
Уначы на 5 мая Сілы абароны нанеслі ўдары па нафтаперапрацоўчым заводзе «Киришинефтеоргсинтез» у Ленінградскай вобласці РФ і па заводзе «ВНИИР-Прогресс» у расійскай Чувашыі. Апошні вырабляе прыёмнікі і антэны для сістэм GLONASS, GPS і Galileo, а таксама навігацыйныя кампаненты «Комета», устойлівыя да ўздзеяння РЭБ, якія Расія выкарыстоўвае ў розных беспілотніках і ракетах далёкага радыусу дзеяння.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія войскі выкарысталі ракеты F-5 «Фламінга», якія паразілі мэту ў Чабаксарах на адлегласці больш за 1 500 км ад украінскай мяжы. А геалякацыйныя кадры зафіксавалі паражэнне завода шасцю ракетамі і беспілотнікам Ан-196 «Люты».
«Чабаксары знаходзяцца ўсяго за 300 кіламетраў ад асаблівай эканамічнай зоны «Алабуга», буйной расійскай прамысловай і вытворчай зоны ў Рэспубліцы Татарстан, дзе Расія вырабляе шмат далёкадзейных беспілотнікаў тыпу «Шахед», якія яна запускае па Украіне», — дадалі аналітыкі.
Тым часам губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка пасля начной атакі пацвердзіў, што ў Кірышах адбыўся пажар, а сістэма NASA FIRMS зафіксавала цеплавыя анамаліі каля Кірышскага НПЗ, які ўваходзіць у тройку найбуйнейшых у Расіі і за год можа перапрацоўваць да 21 млн тон нафты.
Агенцтва Reuters паведаміла, што Кірышскі нафтаперапрацоўчы завод прыпыніў працу пасля таго, як удар БПЛА пашкодзіў тры з чатырох устаноўак перагонкі сырой нафты і некалькі другасных установак.
«Працяглыя далёкасяжныя ўкраінскія ўдары па гарадах глыбока ў расійскім тыле дэманструюць няздольнасць РФ надзейна абараняць буйныя гарады і аб’екты інфраструктуры еўрапейскай часткі Расіі ад атак», — лічаць у ISW.
Да гэтага пад ударам знаходзіўся Туапсінскі НПЗ у Краснадарскім краі, па ім некалькі разоў білі ў красавіку, а таксама 1 мая. Паводле ацэнак Генштаба ЗСУ, гэтыя ўдары нанеслі шкоду нафтаперапрацоўчаму заводу і інфраструктуры порта Туапсэ на суму больш за 300 мільёнаў долараў.
Спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя 5 мая, паказваюць два пашкоджаныя цэхі на заводзе імя Свярдлова, ключавым расійскім вытворцы кампанентаў выбуховых рэчываў, у Дзяржынску Ніжагародскай вобласці пасля ўкраінскага ўдару 30 красавіка.
«Украінскія войскі ўзмацнілі сваю кампанію далёкасяжных удараў на працягу апошніх некалькіх тыдняў, нацэльваючыся на некалькі буйных расійскіх гарадоў, уключаючы Маскву і Чалябінск, Екатэрынбург у Свердлоўскай вобласці, Прыморск і Усць-Лугу ў Ленінградскай, Туапсэ і Наварасійск у Краснадарскім краі», — адзначылі аналітыкі.
Крэмль пагражае Украіне
Аналітыкі лічаць, што пагроза Расіі «помсціць» Украіне за нібыта запланаваныя ўдары па Маскве 9 мая адлюстроўвае прызнанне расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным таго, што ён не можа надзейна абараніць глыбокія тылавыя раёны (уключаючы Маскву) ад украінскіх удараў.
У Міністэрстве абароны РФ 4 мая заявілі, што Расія будзе прытрымлівацца спынення агню «да Дня Перамогі» з 8 па 9 мая, нібыта абвешчанага Пуціным у аднабаковым парадку. Гэта заява была апублікавана прыкладна за гадзіну да таго, як Зяленскі прапанаваў Расіі спыненне агню, якое пачынаецца ўначы з 5 на 6 мая.
«Крэмль не прызнаў заяву Зяленскага. Міністэрства абароны ілжыва абвінаваціла Зяленскага ў пагрозе нанесці ўдар па Маскве 9 мая, нібыта агучанай падчас выступлення на саміце Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Ерэване (Арменія), і пагражала нанесці «масіраваны ракетны ўдар у адказ па цэнтры Кіева», — гаворыцца ў матэрыяле ISW.
Аналітыкі дадалі, што насамрэч Зяленскі на саміце ў Ерэване сказаў, што «Расія абвясціла пра парад 9 мая ў Маскве... і яны баяцца, што над Чырвонай плошчай могуць праляцець дроны».
«Расійскія і іншыя СМІ вытлумачылі словы Зяленскага як сцвярджэнне, што Украіна можа нанесці ўдар па парадзе да Дня Перамогі 9 мая, але некаторыя крыніцы адзначылі, што гэта скажоная інтэрпрэтацыя яго заявы. ISW не ўбачыў доказаў таго, што Зяленскі зрабіў яшчэ адну заяву на Еўрапейскай палітычнай супольнасці, якая б адпавядала абвінавачванню Міністэрства абароны РФ», — падкрэслілі аналітыкі.